Адна з расійскіх ракетаў трапіла ў жылы дом у Харкаве, іншая — у інтэрнат / @dsns_telegram
Ратавальнікі працягваюць працаваць на разборы завалаў у Слабадскім раёне Харкава. Раніцай тут адна з расійскіх ракетаў трапіла ў інтэрнат. Ужо вядома пра двух загінулых (раней паведамлялася пра адну ахвяру). Яшчэ 18 чалавек атрымалі раненні, у тым ліку двое дзяцей.
Гэтая "ноч зрабілася адной з самых трагічных для Харкаўшчыны за ўвесь час вайны", напісаў у телеграме кіраўнік абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў.
Усяго раніцай расіяне выпусцілі па горадзе 8 ракетаў. Пускі ладзіліся з Белгарада. Акрамя інтэрната пашкоджаныя і іншыя будынкі, аб'екты інфраструктуры. Яшчэ адзін абстрэл Харкаў перажыў напярэдадні вечарам.
"Каля 21:30 расійская ракета, як мяркуецца, "Іскандэр", трапіла ў трохпавярховы жылы дом у Салтоўскім раёне. Дом амаль цалкам разбураны, адбыўся маштабны пажар", — паведамляе Сінягубаў. У выніку гэтага абстрэлу, паводле апошніх звестак, пад заваламі загінулі 7 чалавек, 17 — параненыя, у тым ліку 11-гадовае дзіця.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі мяркуе, што такія абстрэлы Харкава дэманструюць толькі бяссілле расіянаў. Ён назваў начныя ўдары па горадзе "подлым і цынічным ударам па мірных жыхарах, якому няма апраўдання".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут