Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт / 34travel.me
Па стане на 17 жніўня 2026 года праваабаронцы ведаюць прозвішчы больш як 110 студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і іх родных, якіх пачалі пераследаваць у Беларусі за іх навучанне ў ЕГУ. Агулам пад рэпрэсіі трапілі 175 чалавек, калі лічыць таксама пацярпелых чальцоў сям'і студэнтаў, адзначаюць у праваабарончым цэнтры "Вясна".
Праваабаронцы звяртаюць увагу, што колькасць пацярпелых можа быць значна большая, бо ўлады намагаюцца схаваць рэпрэсіі, а людзі баяцца перадаваць інфармацыю.
Увесну беларускія ўлады прызналі ЕГУ, размешчаны ў Вільні, "экстрэмісцкай арганізацыяй". Пасля гэтага сілавікі пачалі масавую крымінальную справу за "садейнічанне і фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці". Паведамлялася, што па гэтай справе праходзяць нават людзі, якія скончылі навучанне ў ЕГУ дзесяць гадоў таму.
Масавыя ператрусы па "справе ЕГУ" прайшлі ў Беларусі на пачатку чэрвеня. Праваабаронцы кажуць пра больш за 60 вядомых ім ператрусаў. Каб вымусіць студэнтаў вярнуцца з Літвы, кадэбісты пагражаюць крымінальным пераследам іх бацькам. Ад студэнтаў патрабуюць адлічыцца з ЕГУ цягам 10 дзён.
Праваабаронцы не рэкамендуюць вяртацца ў Беларусь выкладчыкам, выпускнікам, студэнтам і асобам, якія маюць любыя іншыя сувязі з ЕГУ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут