Навіны з усяго свету / калаж Еўрарадыё
Літва парушыла суверэнітэт Кітая, а "Барбі" — прынцып разнастайнасці. Вельмі кароткі агляд па-сапраўднаму важных сусветных навін і трохі скандалаў у рэгулярнай падборцы Еўрарадыё.
Пекін запатрабаваў у Вільні адклікаць свайго амбасадара. І кітайскага амбасадара з Літвы таксама забярэ.
Рэч у тым, што Літва дазволіла Тайваню адкрыць сваё прадстаўніцтва ў Вільні. А Кітай лічыць Тайвань сваёй тэрыторыяй, такія дзеянні расцэньвае як парушэнне свайго суверэнітэту.
"Мы заклікаем літоўскі бок неадкладна выправіць сваё памылковае рашэнне, зрабіць канкрэтныя захады для ліквідацыі шкоды і не рухацца далей па лжывым шляху", — гаворыцца ў афіцыйнай заяве.
Гэта наогул адно з самых адчувальных пытанняў для Кітая. Пекін абураюць усякія дзеянні, у якіх можна прачытаць, быццам Тайвань лічаць асобнай краінай.
Тайвань абвясціў пра тое, што адкрывае прадстаўніцтва ў Літве ў мінулым месяцы. І гэта першы выпадак, калі назва Тайвань выкарыстоўваецца для адкрыцця офіса ў Еўропе. Звычайна абыходзіліся назвай "Тайбэй". І ў Алімпіядзе, напрыклад, Тайвань удзельнічае пад назвай "Кітайскі Тайбэй".
Праз складаныя адносіны Кітая і Тайваня іншым краінам даводзіцца прыдумляць, як нікога не пакрыўдзіць. Напрыклад, толькі 15 дзяржаў маюць афіцыйныя дыпламатычныя адносіны з Тайванем. Але фактычна амбасады ёсць і ў іншых, толькі іх называюць гандлёвымі офісамі.
ЗША занепакоеныя сітуацыяй у Афганістане. Але просяць мясцовыя сілы бяспекі самастойна спраўляцца з надыходам "Талібана".
"У іх сучасныя ваенна-паветраныя сілы. У іх шмат пераваг, якіх няма ў "Талібана". Мы глыбока занепакоеныя сітуацыяй у Афганістане, але гэта іх краіна, іх гарады, іх людзі", — сказаў афіцыйны прадстаўнік Пентагона Джон Кірбі.
Але гэта не значыць, што афганцаў зусім кінулі. Вашынгтон працягвае аказваць падтрымку, у тым ліку наносячы ўдары па пазіцыях баевікоў, сказаў Кірбі. На мінулым тыдні Штаты павялічылі колькасць авіяўдараў.
Спецпрадстаўнік ЗША па пытаннях афганскага замірэння адправіўся ў Доху: ён плануе заклікаць талібаў спыніць наступ.
У нядзелю ўвечары прадстаўнік палітычнага бюро талібаў перасцярог ЗША ад далейшага ўмяшання ў справы Афганістана. І сказаў, што гэта ўрад Афганістана пачаў вайну, а "Талібан" толькі адказвае.
Амбасада ЗША ў Кабуле раскрытыкавала наступ талібаў на афганскія гарады. Там заявілі, што гэта супярэчыць заяве "Талібана" пра падтрымку ўрэгулявання праз перамовы ў Досе.
Тым часам з пятніцы "Талібан" захоплівае ўжо пятую афганскую сталіцу. Прынамсі 27 дзяцей былі забітыя і 136 параненыя за апошнія 72 гадзіны, паведамляе ЮНЕСКА. Усяго за апошнія некалькі месяцаў у краіне былі забітыя 3 тысячы чалавек. Свае дамы вымушаныя былі пакінуць 300 тысяч.
Сумавалі па алімпійскіх скандалах? Вось яшчэ адзін да закрыцця Гульняў. Вытворцаў лялек "Барбі" раскрытыкавалі за недастаткова сталы падыход да інклюзіўнасці.
Кампанія Mattel, якая выпускае лялек, выпусціла калекцыю ў супрацоўніцтве з МАК спецыяльна для Токіа-2020. У калекцыі пяць лялек, якія прадстаўляюць пяць новых відаў спорту, уключаных у праграму Гульняў: бейсбол, спартыўнае скалалажанне, каратэ, скейтбордынг і сёрфінг.
А вось прадстаўнікоў азіяцкай расы адлюстраваць забыліся — ці то выпадкова, ці то наўмысна. Карыстальнікі сацсетак задаюцца пытаннем, як можна было забыцца пра гэта, улічваючы, што Гульні праводзяцца ў Токіа. Хтосьці нават напісаў, што кампанія наўмысна зрабіла азіятаў "нябачнымі".
Хоць, калі на тое, напярэдадні Гульняў Mattel выпусціла ляльку "Барбі" ў вобразе японскай тэнісісткі Наомі Осака ў рамках серыі "Барбі для пераймання". Складана сказаць, што яе не заўважылі: гэтую ляльку распрадалі праз некалькі гадзін пасля выпуску.
Экс-прэзідэнт ЗША Дональд Трамп разаслаў сваім прыхільнікам ліст, у якім прадставіў новы дызайн чырвонай кепкі.
Памятаеце чырвоную кепку з надпісам "Зробім Амерыку зноў вялікай"? Ну вось, гаворка пра рэдызайн.
Цяпер замест цэлага надпісу Make America Great Again — абрэвіятура, белыя літары MAGA у залатым абрамленні. А на брылі — подпіс Трампа. Да ліста прыкладалася магчымасць "заданаціць" ад 25 да 250 долараў.
Ці прыйдзе Трамп на наступны мітынг сваіх прыхільнікаў у новай кепцы? Здаецца, гэта першы выпадак, калі за яго ўборам прыхільнікі будуць сачыць больш уважліва, чым за ўборам Меланіі Трамп.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут