Выбухі ў Харкаве і Белгарадзе — 401-я раніца вайны ва Украіне

31/03/2023 - 07:10
СПА вечарам і ноччу спрацоўвала і ва Украіне , і ў расійскім Белгарадзе / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua

Расія гэтай ноччу атакавала Украіну дронамі-камікадзэ і ракетамі С-300. 9 з 10 дронаў, якія былі выпушчаныя з Бранскай вобласці, былі знішчаныя, адзначаюць украінскія вайскоўцы.

"Праціўнік атакаваў Украіну ўдарнымі беспілотнікамі "Shahed-136/131", таксама ў небе зафіксавана да пяці іншых паветраных цэляў, як мяркуецца паветраных шароў",гаворыцца ў паведамленні ўкраінскіх паветраных сіл. Падчас гэтай атакі паветраная трывога абвяшчалася ў Кіеўскай, Сумскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай абласцях, а таксама ў Кіеве.

Ракетны ўдар перажыў Харкаў. "Зафіксавана па меншай меры 6 "прылётаў", папярэдне С-300. Абстрэльваюць з боку Белгарада", пісаў ноччу кіраўнік абласной грамадзянскай адміністрацыі Алег Сінягубаў. Пазней ён дадаў, што ў выніку ракетных удараў у адным з раёнаў горада пашкоджаны прыватны дом і два аўто. На той момант інфармацыі аб пацярпелых не было.

Аб аб'яўленні паветранай трывогі і атацы на Харкаў Сінягубаў напісаў у 22.10. Следам з'явіліся паведамленні аб выбухах у расійскім Белгарадзе. "Выбухі раздаліся з 22.10 мск у цэнтры Белгарада, яны працягваліся з інтэрваламі на працягу 20 хвілін. У дамах дрыжалі шыбы, спрацоўвала сігналізацыя ў машын", піша РИА Новости.

Наступствы расійскага ракетнага ўдару па Навабаварскім раёне Харкава / @kharkivlife

За мінулыя суткі расіяне нанеслі па тэрыторыі Украіны 11 ракетных і 4 авіяцыйных удару, здзейснілі 43 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.

На фронце "праціўнік засяроджвае асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках", кажуць украінскія вайскоўцы. Падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі за суткі на гэтых кірунках больш за 80 нападаў. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца населеныя пункты Данецкай вобласці: Белагораўка, Бахмут, Аўдзееўка і Мар'інка. Толькі ў раёне Бахмута ўкраінскія вайскоўцы адбілі за суткі 22 атакі.

У Інстытуце вывучэння вайны тым часам мяркуюць, што абвешчаны ў Расіі вясновы прызыў можа ўскладніць падрыхтоўку мабілізаваных для вайны супраць Украіны. Уладзімір Пуцін па-ранейшаму лічыць небяспечным для стабільнасці сваёй улады адпраўляць на вайну маладых прызыўнікоў, таму робіць стаўку на рэзервістаў і добраахвотнікаў. Але "навучальныя магутнасці Расіі абмежаваныя, і тое, што іх зоймуць прызыўнікі, якія не будуць ваяваць ва Украіне ў 2023 годзе, пазбаўляе Крэмль магчымасці навучаць рэзервістаў і добраахвотнікаў, якія ваяваць будуць", — адзначаюць аналітыкі ISW. Пры гэтым яны дапускаюць, што Расія можа паспрабаваць набраць папаўненне для частак ва Украіне, прымушаючы або ўгаворваючы частку прызыўнікоў падпісаць кантракт. Аднак "наколькі паспяховым можа быць гэтае прадпрыемства, не зразумела", — гаворыцца ў справаздачы Інстытут вывучэння вайны.

Карта баёў у Данецкай вобласці / understandingwar.org

ЗША з пачатку поўнамаштабнай вайны навучылі больш за 7 тысяч украінскіх вайскоўцаў. Акрамя таго, больш за 60 украінцаў завяршылі навучанне на сістэме супрацьпаветранай абароны Patriot. Пра гэта заявіў прадстаўнік Пентагона Патрык Райдэр. Яго словы прыводзіць CNN.

Райдэр адзначыў, што на гэтым тыдні 65 украінцаў, якія вучыліся на сістэме Patriot у Форт-сіле, штат Аклахома, вярнуліся ў Еўропу, яны завяршылі трэніроўкі. Акрамя таго, гэтай вясной у Германіі пройдуць агульнавайсковую падрыхтоўку больш за 4 тысячы ўкраінскіх вайскоўцаў, у тым ліку дзве брыгады, адна з якіх укамплектавана баявымі машынамі Bradley, а другая — машынамі Stryker. Пра гэта таксама распавёў прадстаўнік Пентагона.

Нарвегія плануе перадаць Украіне 12 дызель-цягнікоў. Чатыры з іх адправяць да лета, а яшчэ восем — на працягу года. Пра гэта ў інтэрв'ю выданню Nettavisen распавёў міністр транспарту Нарвегіі Йон-Івар Нігорд.

"Транспарт абсалютна неабходны, каб усё працавала. Яны [украінцы] знаходзяцца [яго] у стане вайны, ім трэба транспартаваць шмат матэрыялаў, ежы і грамадзянскай дапамогі", — растлумачыў Нігорд. Выданне адзначае, што цягнікам, якія плануюць адправіць ва Украіну, прыкладна 40 гадоў. Аднак Украіна сама папрасіла перадаць ёй такі транспарт. Агульны кошт выдаткаў, звязаных з транспарціроўкай і падрыхтоўкай цягнікоў, складае да 1 мільёна еўра. Цягнікі разлічаны на 168 пасажыраў і могуць разганяцца да 140 км/г. Аднак іх яшчэ трэба перарабіць пад каляіну шырынёй 1520 мм.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі