Вярхоўны суд "гатовы абмяркоўваць" зніжэнне тэрмінаў за ўжыванне наркотыкаў

31/07/2018 - 12:46

Першы намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Валерый Калінковіч распавёў пра сваё стаўленне да зніжэння пакарання па "наркатычным" артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса. 31 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Калінковіч абазначыў гатоўнасць абмяркоўваць зніжэнне пакарання за ўжыванне наркотыкаў.

"Я гатовы абмяркоўваць тэму крымінальнай адказнасці за незаконныя дзеянні з наркатычнымі сродкамі без мэты іх збыту, — сказаў прадстаўнік Вярхоўнага Суда. — Тут крымінальная адказнасць павінна з'яўляцца адным з магчымых інструментаў да таго, каб чалавек пачаў змагацца з хваробай, перамог яе і вярнуўся ў грамадства нармальным".

Пры гэтым Калінковіч не бачыць перадумоў для змякчэння адказнасці за збыт наркатычных сродкаў. "Гэта вельмі небяспечныя злачынствы, фактычна, распаўсюджванне смерці", — сказаў намеснік старшыні Вярхоўнага суда.

Валерый Калінковіч заўважыў, што сёння наркатычныя сродкі на тэрыторыі Беларусі з'яўляюцца аднымі з самых дарагіх у рэгіёне. На яго думку, гэта сведчыць пра тое, што Беларусь эфектыўна процідзейнічае наркагандлю.

"Чым даражэйшая доза, тым цяжэй радавому спажыўцу яе здабыць", — упэўнены Валерый Калінковіч.

Даведка: За 6 месяцаў 2018 гадоў ў Беларусі па "наркатычных" артыкулах Крымінальнага кодэкса было асуджана 1276 чалавек. Гэта на 18% менш, чым у першым паўгоддзі 2017 года. Пры гэтым з 54 да 26 зменшылася колькасць непаўналетніх, асуджаных за незаконны абарот наркатычных сродкаў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі