“Вольных месцаў няма”. Дзяржпансіянаты не падрыхтаваныя да наплыву падапечных

04/10/2024 - 19:41

Састарэлыя людзі цяпер павінны разлічваць на родзічаў / ok-pansionat.ru

З 1 кастрычніка ў Беларусі запрацавала ліцэнзаванне працы сацыяльных пансіянатаў прыватных форм уласнасці. Праз гэта амаль усе дамы састарэлых фактычна зачыніліся — па інфармацыі “Deutsche Welle”, права на працу атрымаў толькі пансіянат “Перлінка” у Кобрынскім раёне. Фактычна рынак сацыяльнага догляду апынуўся ў руках дзяржавы.

Еўрарадыё высвятляла, ці спраўляюцца дзяржаўныя ўстановы з наплывам падапечных з зачыненых пансіянатаў.

 

Мала канструктыву

Каб высветліць падрыхтаванасць дзяржустаноў, мы звярнуліся да іх з пісьмовымі запытамі пад выглядам людзей, чые сваякі з зачыненых прыватных дамоў састарэлых фактычна апынуліся на вуліцы. Пытанняў было два: што рабіць у такой сітуацыі і якія рашэнні прапануе дзяржава.

Людзі ў прыватным сацыяльным пансіянаце / ok-pansionat.ru

Каб прыстроіць нашага састарэлага бацьку прыйдзецца чакаць у чарзе. І невядома як доўга.

“У нас пуцёўкі выдае абласны камітэт [па працы і сацбяспецы] па ўсіх раёнах, а іх нас 22. Вось у нас была папера, мы са жніўня па 1 кастрычніка ўвогуле не высылалі дакументы, бо не было месцаў.    

Зараз якімі партыямі мы будзем высылаць, як размяркоўваць — невядома. <...> Нам, напрыклад, на сацыяльныя ложкі ў панядзелак прывезлі сем адзінокіх пенсіянераў, такія справы”. 

Каб патрапіць у чаргу на сацыяльны пансіянат, пасля афармлення ўсіх дакументаў іх неабходна перадаць у Тэрытарыяльны цэнтр, які будзе звязвацца са сваякамі. 

Наколькі доўгім можа быць чаканне, нам таксама не змаглі патлумачыць.

“Шчыра кажучы, я сама не ведаю, як гэта будзе. Таму што нам даслалі ліст, што тыя састарэлыя, у каго ёсць дзеці, могуць разлічваць на пансіянат толькі пры наяўнасці вольных месцаў. А так гэтых месцаў няма, і я не ведаю, калі яны з’явяцца. Можа новы дом-інтэрнат адкрыюць, не ведаю”.

Як бачна на прыкладзе Мінскай вобласці, дзяржава аказалася непадрыхтаванай да закрыцця прыватных пансіянатаў, пераклаўшы вырашэнне праблем на сваякоў састарэлых. 

Што адбываецца ў іншых рэгіёнах Беларусі, складана ўявіць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі