Адвакат Антон Гашынскі і Віталь Шкляраў / TUT.by
Віталю Шкляраву, якога 14 кастрычніка выпусцілі з СІЗА, зноў змянілі меру стрымання. Спачатку паведамлялася, што паліттэхнолаг знаходзіцца пад хатнім арыштам. Цяпер адвакат Антон Гашынскі кажа, што мера стрымання змененая на падпіску аб нявыездзе:
"Спачатку яго сапраўды перавялі пад хатні арышт. У панядзелак мы напісалі хадайніцтва ў сувязі з цяжкім станам здароўя мамы, каб яму вызначылі месца знаходзіцца побач з ёй. Вечарам ужо прывезлі яго да мамы. Яны стаялі, абдымаліся, плакалі. Мама ў цяжкім стане. Ён прысвяціць увесь свой час, каб цалкам заняцца яе здароўем", — расказаў Гашынскі "Новай газеце".
Шкляраў быў выпушчаны з СІЗА пад асабістае даручальніцтва палітолага і каардынатара штаба Віктара Бабарыкі Юрыя Васкрасенскага, які выйшаў з СІЗА КДБ на тыдзень раней.
"Проста КДБ і следства ўбачыла ўва мне велізарны патэнцыял, а пасля — дзяржСМІ і прэзідэнт, — патлумачыў Васкрасенскі ўскладзеную ўладамі на яго місію. — Я разглядаю сябе як медыятара паміж уладай і альтэрнатыўнай часткай грамадства. А тое, што на маю долю выпала такая роля, ну, так атрымалася".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.