Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка ўвязалася ў перапалку з суддзёй падчас матчу першага раунда адкрытага чэмпіянату ЗША. Гульня, у якой беларуска перамагла чэшку Люсі Градзецку, скончылася з лікам 6:1, 6:2.
Аднак падчас удалага паядынку Азаранка сарвалася. Яна не пагадзілася з рашэннем арбітра, прынятым пасля відэапрагляду, і патрабавала перайграць папярэдні розыгрыш. Справа дайшла да хамства.
“Вы смеяцеся з мяне? Вы калі-небудзь гулялі ў тэніс? Гулялі? Сур’ёзна? Відаць, не вельмі добра гулялі!” — крычала Азаранка арбітру, які судзіў матч.
Відэа гэтага скандальнага эпізоду трапіла на YouTube.
Пакуль невядома, ці пагражаюць Азаранцы нейкія спагнанні ў сувязі з некарэктнымі паводзінамі падчас матчу.