Віктар Цярэшчанка заявіў, што яго падставілі сябры ініцыятыўнай групы

16/09/2015 - 14:09

У Вярхоўным судзе ідзе слуханне па скарзе палітыка Віктара Цярэшчанкі супраць Цэнтрвыбаркаму. Палітык абскарджае сваю нерэгістрацыю кандыдатам на прэзідэнцкую пасаду.

На пасяджэнні Цярэшчанка заявіў, што яго падставілі сябры ініцыятыўнай групы. Нагадаем, што тэрытарыяльныя выбаркамы прызналі менш за сем тысяч подпісаў з 130 тысяч, якія падала група Цярэшчанкі.

"З улікам таго, што я азнаёміўся з матэрыяламі справы, з улікам інфармацыі па падпісных лістах і пратаколах у мяне адна выснова: у складзе маёй ініцыятыўнай групы былі людзі, якія заведама ставілі сваёй задачай падробку і нерэгістрацыю Цярэшчанкі Віктара Іванавіча кандыдатам у прэзідэнты", — перадае БелаПАН заяву Цярэшчанку ў судзе.

Пры гэтым ён сумняецца ў праўдзівасці падпісных лістоў, якія Цэнтрвыбаркам падаў у Вярхоўны суд, але выключае магчымасць фальсіфікацыі з боку ЦВК.

У судзе падчас даследавання пісьмовых доказаў па справе Цярэшчанкі выявілася, што многія з падпісных лістоў не былі завераныя сябрамі ініцыятыўнай групы. Акрамя таго, у шэрагу лістоў подпісы былі пастаўленыя выбарцамі не ўласнаручна, не супадаюць пашпартныя звесткі тых, хто падпісаўся, з пашпартнымі звесткамі рэальных людзей, прысутнічаюць даныя несапраўдных дакументаў, а атксама памерлых асоб. Сярод адрасоў выбарцаў фігуруюць неіснуючыя дома і кватэры.

Нагадаем, што 9 верасня Віктар Цярэшчанка заявіў, што здымаецца з выбарчай гонкі з прычыны кепскага стану здароўя. 10 верасня ЦВК не зарэгістраваў Цярэшчанку кандыдатам у прэзідэнты, і пасля гэтага палітык вырашыў абскардзіць рашэнне Цэнтрвыбаркаму.

Фота: nn.by

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі