Змена рэжыму ў Іране надзвычай малаверагодная — усходазнавец

20/03/2026 - 13:32

Тэгеран 28 лютага 2026 / AP

Тры тыдні ЗША і Ізраіль вядуць вайну супраць Ірана. За гэты час загінула ўжо больш за 2000 чалавек.

Як мінімум 1444 — у самім Іране. 13 вайскоўцаў ЗША. У Ізраілі — 17 чалавек (15 мірных жыхароў і 2 вайскоўцы на поўдні Лівана). У выніку ізраільскіх атак на Ліван загінула 968 чалавек (з 2 сакавіка), а ў краінах Персідскага заліва — 23 чалавекі.

Версіі таго, навошта ЗША пачалі вайну з Іранам, агучаныя прэзідэнтам Дональдам Трампам, дагэтуль супярэчлівыя: ад спынення іранскіх ядзерных даследаванняў і ракетнай праграмы да дасягнення свабоды ў краіне.

Іран нясе вялікія страты. У самым пачатку бамбардзіровак былі забіты вярхоўны лідар Алі Хаменеі (новым лідарам быў абраны яго сын Маджтаба), а таксама іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі.

Тым не менш Ірану ўдаецца блакіраваць суднаходства ў Армузскім праліве, што паралізавала пятую частку сусветнага трафіку нафты.

Пра тое, куды вядзе гэтая вайна і што пра яе думаюць іранцы, Еўрарадыё пагутарыла з усходазнаўцам Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве Марцінам Кшыжаноўскім.

— Як мы можам ахарактарызаваць цяперашні этап вайны ЗША і Ізраіля супраць Ірана?

— Вайна з кожным днём эскаліруецца гарызантальна, гэта значыць усё больш прамысловых аб’ектаў абодва бакі прызнаюць абгрунтаванымі цэлямі.

Ізраіль пачаў бамбіць аб’екты газавай прамысловасці Ірана, на што Іран адказаў тым жа ў дачыненні да ізраільскіх і арабскіх аб’ектаў. Гэта азначае, што да канца вайны яшчэ далёка, і абодва бакі звяртаюцца да ўсё больш жорсткіх мер.

— Апошнім часам вялікі рэзананс выклікала смерць Алі Ларыджані [сакратар Вышэйшага савета нацыянальнай бяспекі Ірана, — Еўрарадыё], і Ізраіль працягвае ліквідаваць лідараў Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі. Ці можна ў сувязі з гэтым казаць пра тое, што ўлада ў Іране аслабла, і ў якой ступені?

— Нягледзячы на гэтыя забойствы, так званыя “абезгалоўлівальныя ўдары”, палітычная сістэма Ісламскай Рэспублікі захавала працаздольнасць. Дзяржаўны апарат па-ранейшаму функцыянуе, і ліквідацыя нават вярхоўнага лідара ў самым пачатку вайны, а цяпер і аднаго з найвышэйшых саноўнікаў Рэспублікі, якім, без сумневу, быў Алі Ларыджані, не пахіснула дзяржаву.

Ісламская Рэспубліка захавала поўную здольнасць да дзеяння, у тым ліку да нанясення ўдараў па цэлях у рэгіёне.

— Я разумею, што ЗША імкнуцца да нейкага расколу ва ўладзе Ірана. Наколькі ён прадказальны? Ці можна ўжо цяпер пра гэта гаварыць?

— На сённяшні дзень гэта надзвычай малаверагодна. Кажучы простай мовай, калі Ізраіль разам са Злучанымі Штатамі “перастраляюць” больш лідараў найбольш радыкальных фракцый, тады, магчыма, з’явіцца нейкі шанец на раскол унутры ўладных структур. Але, як я ўжо згадваў, нават у гэтым выпадку шанцы вельмі нязначныя.

Тэгеран / Majid Saeedi / Getty Images

— Як доўга Іран яшчэ зможа трымацца ў гэтай вайне?

— Безумоўна, яшчэ некалькі тыдняў ад сённяшняга дня. Я маю на ўвазе здольнасць адказваць на атакі. Самі іранцы заяўляюць, што сіл, запасаў і ракет ім хопіць на 6 месяцаў вайны, але я лічу гэту ацэнку відавочна завышанай.

— Ці ёсць увогуле нейкі шанец на перамовы з ЗША, і хто мог бы весці іх з іранскага боку?

— Шанец вельмі малы. На сёння гэта хутчэй тэарэтычная магчымасць. Іранцы падкрэсліваюць, што з ЗША, асабліва пад кіраўніцтвам Дональда Трампа, яны размаўлялі тройчы.

Першы раз — калі падпісвалі ядзернае пагадненне, гэта значыць JCPOA, якое Дональд Трамп, нягледзячы на тое, што Іран яго выконваў, проста скасаваў без нейкага канкрэтнага абгрунтавання.

Армузскі праліў, від з ААЭ 11 сакавіка 2026 / Altaf Qadri / AP Photo

Таму тут я чакаю працяг абстрэлаў цэляў у краінах Персідскага заліва. На жаль, на дээскалацыю я цяпер не бачу ніякіх перспектыў.

— Якая цяпер роля новаабранага лідара, Маджтабы Хаменеі?

— Невядома, дзе ён знаходзіцца. Хутчэй за ўсё, у нейкім бяспечным сховішчы на тэрыторыі Ірана, хаця з’яўляліся, на мой погляд, даволі сумнеўныя паведамленні пра тое, што ён нібыта выехаў на лячэнне ў Маскву. Я гэтага не выключаю, але так не лічу.

Таксама з’яўляюцца спекуляцыі наконт стану яго здароўя, у прыватнасці, пра тое, ці здольны ён фізічна кіраваць дзяржавай або ж проста цяжка паранены і змагаецца за жыццё. Пэўнасці ў нас няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі