На крадзяжы трапіўся 48-гадовы раней не судзімы магілёвец. Як паведамляе прэс-служба мясцовай міліцыі, на выходных мужчына адпачываў у гульнявым клубе на вуліцы Пушкінскай. Там жа адпачывала 34-гадовая магіляўчанка, якая ў нецвярозым стане выпусціла на падлогу партманет, з якога выпалі банкаўскія карткі.
Адміністратар клуба і ахова заўважылі, што жанчына падабрала карткі. А партманет падабраў невядомы мужчына, які пакінуў гульнявую залу. Супрацоўнікі клуба паведамілі пра здарэнне ў міліцыю.
Выявіць зламысніка, які падабраў кашалёк, дапамагло відэаназіранне, усталяванае ў клубе. Як выявілася, са сваім здабыткам мужчына пайшоў у прыбіральню клуба. Усталяваная там відэакамера зафіксавала, як ён правяраў свой незаконны набытак. Дарэчы, у партманеце было 1,5 мільёна рублёў.
Мужчыну затрымалі, грошы ў яго забралі. На магілёўца пачалі крымінальную справу за крадзеж. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Фота: kitsystem.ru