Ва Украіне затрымалі агента, які працаваў на спецслужбы РФ і Беларусі — СБУ

19/03/2026 - 12:44

Затрыманне агента ва Украіне / СБУ

Ва Украіне затрымалі двайнога агента, які працаваў на ФСБ Расіі і разведку Памежнага камітэта Беларусі.

Паведамляецца, што затрыманне ў Харкаўскай вобласці правяла ваенная контрразведка Службы бяспекі Украіны (СБУ) пры садзейнічанні галоўнакамандуючага Узброеных сіл і камандуючага Сіл беспілотных сістэм УСУ.

Затрыманы — вайсковец Сіл беспілотных сістэм, аператар БПЛА. Як заяўляюць у СБУ, ён паведамляў Расіі і Беларусі даныя аб напрамках руху, тыпах і колькасці дронаў УСУ, задзейнічаных у баях на паўночным усходзе Украіны. Потым па ўказанні расійскіх і беларускіх спецслужбаў агент перавёўся на пасаду аператара наземных рабатызаваных комплексаў УСУ, якія эвакуююць параненых і дастаўляюць боепрыпасы на лінію фронту на Ізюмскім кірунку. Там ён збіраў інфармацыю пра дыслакацыю і планы баявых аперацый украінскіх войскаў. Акрамя таго мужчына збіраў звесткі пра тактыка-тэхнічныя характарыстыкі і асаблівасці прымянення найноўшых рабатызаваных комплексаў.

Пасля выканання агентурных заданняў, як заяўляюць у СБУ, агент планаваў перабегчы ў Расію праз лінію фронту, дзе яго "павінны былі сустрэць расійскія спецслужбісты". Падчас ператрусаў у яго канфіскавалі два смартфоны з доказамі працы на спецслужбы Расіі і Беларусі.

Пры канцы студзеня ва Украіне паведамлялі пра затрыманне агенткі беларускіх спецслужбаў Іны Кардаш, якая дзейнічала пад выглядам журналісткі.

Затрыманне агента ва Украіне / СБУ

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі