Ва Украіне забаранілі вяшчанне дзяржаўнага беларускага канала “Беларусь 24”

10/06/2021 - 15:05

Ва Украіне забаранілі вяшчанне дзяржаўнага беларускага канала “Беларусь 24”. Такое рашэнна прыняла Нацыянальная рада Украіны па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання.

Рэтрансляцыя ва Украіне тэлеканала "Беларусь 24" была дазволеная з ліпеня 2015 года.

Пад забарону тэлеканал трапіў за размяшчэнне ў эфіры "аўдыявізуальных твораў, забароненых для дэманстрацыі на тэрыторыі Украіны, і фільмаў з удзелам акцёраў, унесеных Міністэрствам культуры і інфармацыйнай палітыкі ў пералік асоб, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы дзяржавы".

Сябра Нацрады Максім Аанапрыенка адзначыў, што раней напаўненне тэлеканала адрознівалася ад іншых праўладных беларускіх, бо гэта ўсё ж міжнародная версія. Аднак апошнім часам украінскі маніторынг выявіў парушэнні заканадаўства. 

У прыватнасці, на тэлеканале паказвалі праграмы з удзелам Алега Газманава, Барыса Шчарбакова і Вольгі Кармухінай, унесеных у спіс забароненых ва  Украіне.

"Акрамя таго, у эфіры тэлеканала "Беларусь 24" зафіксавана трансляцыя перадачы "Панарама". У сюжэце ад 21 траўня пад назвай "Украінскі след у спробе дзяржаўнага перавароту ў Беларусі" гучалі абразлівыя выказванні на адрас батальёна "Данбас", які ў складзе нацыянальнай гвардыі абараняе тэрытарыяльную цэласнасць нашай дзяржавы ад расійскай ваеннай агрэсіі (ваеннае фармаванне было названае "карным батальёнам").

У іншым сюжэце ад 22 траўня пад назвай "Зяленскі адмовіў рускім у праве лічыцца карэнным народам" распаўсюджвалася недакладная інфармацыя, якая дэзынфармуе аўдыторыю. У гэтым паведамленні гучалі абвінавачванні наконт адмовы ва Украіне на заканадаўчым узроўні бараніць правы нацыянальных меншасцяў з-за беспадстаўнага атаясамлення катэгорый "нацыянальная меншасць" і "карэнны народ". Такі кантэнт змяшчае элементы распальвання нацыянальнай варожасці", — заяўляюць у Нацрадзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі