Ва Украіне “дэкамунізавалі” Кіраваград — перайменавалі ў Крапіўніцкі

14/07/2016 - 14:30

Парламент Украіны перайменаваў горад Кіраваград у Крапіўніцкі. Законапраект падтрымалі 228 дэпутатаў Вярхоўнай Рады, трое былі супраць і яшчэ 12 устрымаліся, піша meduza.io. Кіраваград быў адзіным абласным цэнтрам Украіны, які яшчэ не перайменавалі ў межах закона аб дэкамунізацыі.

Новую назву горад атрымаў у гонар украінскага пісьменніка, драматурга і акцёра Марка Крапіўніцкага, які нарадзіўся ў сяле Бежбарайкі, якое цяпер адносіцца да Кіраваградскай вобласці. Сяло Бежбарайкі раней было перайменаванае ў Крапіўніцкае.

Жыхары горада адмоўна ставіліся да ідэі перайменавання Кіраваграда: падчас сацыялагічнага апытання, праведзенага ў красавіку, 67,3 адсотка апытаных выказаліся супраць. У чэрвені гарадскі савет Кіраваграда прасіў не пераназываць горад — за прысваенне новай назвы выказаліся 10 дэпутатаў, 29 выступілі супраць.

Перайменаванне населеных пунктаў ва Украіне адбываецца ў межах закону аб асуджэнні камуністычнага і нацысцкага рэжымаў, прынятага ў красавіку 2015 года. Напрыклад, горад Днепрапятроўск перайменавалі ў Дняпро.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі