Мэсэнджар набірае папулярнасць / Hi-Tech Mail
Расійскі мэсэнджар MAX займае першае месца ў Apple Store і Google Play у Беларусі. Дзяржаўныя СМІ таксама паступова прыцягваюць туды сваю аўдыторыю. Хто стаіць за MAX і ці можна яму давяраць?
Пра гэта Еўрарадыё спытала эксперта па лічбавай бяспецы Мікалая Кванталіяні і расійскага журналіста-расследавальніка Андрэя Захарава.
На думку Мікалая Кванталіяні, папулярнасць Max у Беларусі абумоўлена вымушаным выкарыстаннем пры пэўных умовах.
— Гэта не тое, што нам навязваецца, але ў асноўным людзі спампоўваюць яго, каб вырашаць нейкія свае камунікацыйныя выклікі. Адным з такіх выклікаў можа быць тое, што ў Расіі даволі актыўна блакіруюцца розныя мэсэнджары і інструменты камунікацыі. Адпаведна, калі ў вас ёсць знаёмыя і сябры ў Расіі, то патэнцыйна вы можаце выкарыстоўваць мэсэнджар Max, каб камунікацыя не перапынялася.
— Аднак цяпер мы назіраем, што беларускія дзяржаўныя СМІ паступова прыцягваюць туды сваю аўдыторыю. Чаму?
— Тут, я думаю, ідзе пэўная цэнтралізацыя з пункту гледжання выбару інструмента. І гэта нейкае стратэгічнае рашэнне. Патэнцыйна, калі абмежаванні і блакіроўкі з Расіі дойдуць да Беларусі, такім чынам дзяржаўны сектар загадзя рыхтуецца да таго, каб усё працавала.
Але ёсць нюанс — дзе знаходзяцца даныя мэсэнджара і яго інфраструктура, і хто мае да іх доступ. Калі паглядзець на выкарыстанне мэсэнджара Max, то было некалькі публічных кейсаў, калі, напрыклад, двое людзей размаўлялі голасам і аўтаматычна былі заблакіраваны за тое, што яны абмяркоўвалі ў мэсэнджары Max. Адпаведна, гэты кейс пацвярджае, што існуе прамы доступ да вашай камунікацыі — як галасавой, так і тэкставай.
Як уся інфармацыя звязана, з кім вы маеце зносіны ў гэтым мэсэнджары, як часта і на якія тэмы. І плюс можа адбывацца свабодная фільтрацыя з дапамогай штучнага інтэлекту па ключавых словах. Гэта значыць, умоўна кажучы, усё, што вы кажаце ў мэсэнджары Max, можа быць выкарыстана супраць вас.
Журналіст Андрэй Захараў лічыць, што актывістам і журналістам варта баяцца любых расійскіх і беларускіх прыкладанняў, бо яны могуць лёгка перадаваць даныя ўладам. Ён таксама адзначае, што адна з галоўных праблем Max на расійскім рынку — адсутнасць канкурэнцыі.
— Той жа Telegram, VK, Yandex канкурыравалі з заходнімі сэрвісамі. Яны нечым прыцягвалі, заваёўвалі рынкі іншых краін, і ў іх было куды расці. Тое самае ў амерыканскіх ці кітайскіх сэрвісаў.
І вялікае пытанне якраз з Max і іншымі сэрвісамі ад VK у тым, што іх рынак абмежаваны. Бо гэта толькі дарослае насельніцтва Расіі, і ўсё. Крэмль зрабіў усё, каб расійскія IT-сэрвісы асацыіраваліся з 12-м тэхнічным аддзелам ФСБ.
— Навошта ўвогуле ў Расіі Max? Улічваючы, што там ужо ёсць VK і іншыя сэрвісы гэтай экасістэмы?
— Барацьба са “шкоднымі” заходнімі сэрвісамі (ва ўяўленні расійскіх улад) адбывалася ў некалькі этапаў. Да вайны быў этап “мы ціснем на іх законамі і пагражаем запаволеннямі, і яны выконваюць нашы законы”, бо сэрвісы ўжо былі папулярныя, і, адпаведна, проста так іх не заблакіруеш.
Пасля вайны была абрана іншая тактыка — тое, што Пуцін напрыканцы снежня на прамой лініі назваў “тэхналагічным суверэнітэтам”. Што пад гэтым разумеецца? Калі створаны цалкам нібыта свае сэрвісы ва ўсіх нішах. І паводле гэтай схемы, так ці інакш, рух пачаўся, умоўна, з 2022 года.
Галоўны кашалёк, сябра, кансільеры, пасцельнічы Пуціна Юрый Кавальчук набыў VK і разам з ім “Одноклассники” напрыканцы 2021 года. Тады, праз некалькі месяцаў, была ўпершыню заблакіравана папулярная сацсетка Instagram (да гэтага тое, што блакіраваліся, было малапапулярным).
Мэта першапачаткова была ў тым, каб VK і “Одноклассники” (усё гэта адзін кангламерат) сталі галоўнай сацыяльнай сеткай. Паралельна рыхтавалі замену YouTube. Даволі доўга, дарэчы, распрацоўвалі VK Video. У жніўні 2024 года пачалі блакіраваць YouTube і, адпаведна, “выкурваць” людзей праз блакіроўкі і запаволенні ў VK Video.
А да мэсэнджараў улады мелі некалькі падыходаў. Ёсць палегчаная версія VK — VK-мэсэнджар, даволі папулярная. Быў у іх там адзін праект, другі праект.
І літаральна праз пару месяцаў пасля таго, як яны адрапартавалі, што цяпер “мы абышлі YouTube”, у сакавіку мінулага года яны прадставілі Max. І я адразу зразумеў, што цяпер будзе апошні этап гэтай “суверэнізацыі” — замена папулярных сэрвісаў.
Парадаксальная рэч, што праз тры гады пасля пачатку вайны самым папулярным не проста мэсэнджарам, а ўвогуле інтэрнэт-сэрвісам у Расіі афіцыйна быў WhatsApp, які, паводле версіі расійскіх улад, належыць “экстрэмісцкай арганізацыі”. Атрымліваецца, аўдыторыя — 100 мільёнаў “экстрэмістаў”. Гэты парадокс іх вар’яваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут