Фота з меркаванай Анжалікай Мельнікавай з мінскага спартзала
Скрыншот гісторыі ў інстаграме мінскай трэнеркі з нібыта зафіксаванай на ёй Анжалікай Мельнікавай 19 сакавіка выклаў у сваім канале блогер Balaganoff. Дзяўчына, падобная на зніклую экс-прамоўцу Каардынацыйнай рады, была сфатаграфавана ў мінскім фітнэс-цэнтры Gym24 у мікрараёне Усход, які адкрыўся ў 2025 годзе.
На фота ў дзяўчыны абрэзаныя валасы да плячэй, а на руцэ відна татуіроўка. У Мельнікавай ёсць вялікая татуіроўка на плячы ў выглядзе жанчыны-роніна, якую яна зрабіла ў Варшаве.
Фота не згенеравана з выкарыстаннем штучнага інтэлекту, паказала праверка некалькімі рознымі праграмамі. Сэрвісы па распазнаванні твараў вызначаюць па ім адразу Анжаліку Мельнікаву, а падабенства з яе фота — 71,6%. Тое, што на фота Анжаліка Мельнікава, Еўрарадыё пацвердзіў пасля праверкі праз уласную сістэму прадстаўнік арганізацыі BELPOL Уладзімір Жыгар.
Еўрарадыё таксама праверыла фатаграфіі на наяўнасць прыкмет рэдагавання з выкарыстаннем, напрыклад, фоташопа — ужытыя намі сэрвісы іх не знайшлі.
"Мне тут прыслалі фатаграфіі яшчэ 2 дні таму… Ці я нешта прапусціў проста? Я іх не публікаваў, не зразумеў да гэтага часу — фэйк ці рэальнасць? Чакаў, пакуль хтосьці з беларусаў апублікуе… але нікому не прыслалі 🤔 раз у сетцы няма 🤔 Пішуць, Мінск. Анжаліка Мельнікава", — напісаў у пасце з фота блогер Аляксандр "Balaganoff" Рыкаў.
Сам блогер расказаў The Insider, што фота яму прыслаў ананімны карыстальнік.
Расследавальнікі з The Insider звязаліся з адным з трэнераў клуба і папрасілі паклікаць да тэлефона Галіну [трэнерку, якая апублікавала фота Мельнікавай, — Еўрарадыё], але той папярэдзіў, што тэлефануе чэшскі нумар. Голас жанчыны чуваць на фоне.
— Яна цяпер не можа гаварыць, на жаль. Патэлефануйце нашаму адміністратару, — сказаў потым трэнер.
Журналісты Еўрарадыё таксама патэлефанавалі ў клуб пад прыкрыццём, каб даведацца, ці ёсць сярод наведвальнікаў Анжаліка Мельнікава, але на рэцэпцыі імгненна далі адказ, што такіх кліентаў у іх няма.
Таксама журналісты патэлефанавалі напрамую на нумар трэнеркі Галіны, які апублікаваны на сайце фітнэс-цэнтра, але трубку падняў нейкі "Эдзік". Мужчына сказаў, што "знаходзіцца разам з Галінай у Афрыцы і ратуюць дзяцей, таму не ў курсе ніякіх Анжалік". Паводле слоў мужчыны, Галіна — не трэнер, а даглядае за пажылымі ў доме састарэлых.
На пытанне, ці працуе мужчына ў КДБ Беларусі, той перапытаў: "Гэта завод такі?"
Калі журналіст папрасіў паклікаць Галіну, мужчына ўжо адказаў, што "яна памерла".
Пра знікненне Анжалікі Мельнікавай яе калегі заявілі напрыканцы сакавіка 2025 года. Пазней стала вядома, што за месяц да таго яна вылецела ў Лондан, а адтуль у Шры-Ланку. Пасля гэтага выявілася, што перад знікненнем Мельнікава зняла (сама ці пад ціскам) каля 150 тысяч долараў з рахунку фонду, якім кіравала. У Польшчы праваахоўнікі пачалі крымінальную справу па факце яе знікнення.
Пасля з'явілася інфармацыя пра тое, што ў падарожжа яна нібыта ляцела з Эдуардам Гардзеевым (Лабеевым) — маладым каханкам, які аказаўся супрацоўнікам КДБ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут