Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў
Савет міністраў сваёй пастановай №391 ад 3 жніўня вырашыў ліквідаваць Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. Дакумент з'явіўся на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 5 жніўня.
У адпаведнасці з пастановай Міністэрства культуры павінна пераразмеркаваць бюджэтныя сродкі, вылучаныя на НЦСМ. Іх перададуць Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (44 316 рублёў) і Нацыянальнаму мастацкаму музею (45 771 рубель).
Звесткі пра тое, што НЦСМ рыхтуюцца закрываць, з'явіліся ў СМІ яшчэ ўвесну. Тады цэнтр абвясціў, што праводзіць апошнюю ноч музеяў у сваёй гісторыі. Паведамлялася, што фонды цэнтра і памяшканне на вуліцы Якуба Коласа пяройдуць Нацыянальнаму мастацкаму музею, а памяшканні на вуліцы Някрасава — Акадэміі мастацтваў.
Дарэчы, у самім НЦСМ нядаўна паведамілі, што апошняя выстава будзе працаваць менш, чым планавалася. Выстава "НЦСМ: Выбранае" мусіла дзейнічаць з 11 чэрвеня па 23 жніўня, аднак была закрытая ўжо 2 жніўня.
НЦСМ працуе з 2015 года. Цэнтр займаўся прасоўваннем эксперыментальных напрамкаў у розных відах мастацтва (выяўленчым, тэатральным, музычным), падтрымкай маладых мастакоў і куратараў. Таксама цэнтр выступаў арганізатарам нацыянальных павільёнаў Беларусі на трох Венецыянскіх біенале, трыенале сучаснага мастацтва, Нацыянальнай прэміі ў сферы выяўленчага мастацтва і іншых падзей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут