Ператрус, ілюстрацыйнае фота / spring96.org
Супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі ладзяць ператрусы ў людзей, якія атрымлівалі стыпендыі па праграме ЕС EU4Belarus — SALT, і іх сваякоў. Пра гэта даведалася "Наша Ніва".
EU4Belarus — SALT (Support for Advanced Learning and Training) — гэта стыпендыяльная праграма ЕС для беларускіх студэнтаў, выкладчыкаў і даследчыкаў, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі ці пагрозай пераследу. Каардынатарам праграмы выступала дзяржаўнае Цэнтральнае агенцтва кіравання праектамі Літвы (CPVA) разам з партнёрамі. Адміністратарам з беларускага боку была арганізацыя, назва якой публічна не абвяшчалася. Падтрымку па праграме атрымалі шматлікія беларускія студэнты і навукоўцы, якія ў выніку рэпрэсій засталіся без працы, сродкаў для існавання ці былі выгнаныя з краіны.
"Наша Ніва" мяркуе, што спецслужбы ідуць па спісе рассылкі інфармацыйнага бюлетэня EU4Belarus — SALT. Адзін з атрымальнікаў стыпендыі расказаў журналістам, што сёлета ў траўні адміністратар праекта разаслаў ім выпуск бюлетэня, у якім усе іншыя атрымальнікі рассылкі былі ўстаўленыя ў адкрытую копію, і можна было прагледзець іх электронныя адрасы. У спісе рассылкі было 358 адрасоў.
Паведамляецца, што справу сілавікі пачалі па абвінавачанні ў "дзейнасці экстрэміскага фармавання". Адны з фігурантаў праходзяць у ордарах як сведкі, іншыя — у якасці падазраваных. Сілавікі праводзяць ператрусы як у месцах пражывання, так і ў гаспадарчых памяшканнях. Правяраюць тэлефоны прысутных у памяшканні. Калі фігурант здае маёмасць кватарантам, то прыходзяць з ператрусам і да іх.
Пакуль невядома, ці адбыліся па гэтай справе арышты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут