Латушка заклікае WTA расследаваць выказванні Сабаленка на адрас украінцаў

25/11/2026 - 11:44

Арына Сабаленка / x.com/WTA

Расследаваць абразлівыя выказванні Арыны Сабаленка на адрас украінцаў заклікае кіраўнік НАУ Павел Латушка. Адпаведны зварот ён накіраваў да старшыні Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) Валеры Каміла.

"Прымаючы пад увагу прынцып WTA, паводле якога гульцы любой нацыянальнасці павінны мець магчымасць спаборнічаць у атмасферы павагі і быць абароненымі ад абразаў, я прашу WTA зрабіць неабходныя крокі для расследавання гэтага выпадку і прымянення адпаведных дысцыплінарных санкцый", — цытуе прэс-служба Аб'яднанага пераходнага кабінета зварот Латушкі.

Латушка просіць WTA вывучыць усе аўдыязапісы з корта і з тэлетрансляцыі, забяспечыць прафесійны пераклад з рускай мовы і абнародаваць сваю пазіцыю. Афіцыйных каментароў WTA наконт інцыдэнту дагэтуль не было, а сам выпадак падпадае пад дзеянне Кодэкса паводзін Збору правілаў WTA, мяркуе Латушка.

Інцыдэнт адбыўся падчас матчу беларускай тэнісісткі з украінкай Элінай Світолінай. Сабаленка ў пэўны момант не стрымала эмоцый і выказалася — па яе вуснах прачыталі нецэнзурную рэпліку на адрас украінцаў. Сама беларуска заявіла, што вылаялася на адрас групы гледачоў, якія радаваліся яе памылкам.

Гульня, дарэчы, скончылася пройгрышам Сабаленка — 3:6, 6:3, 1:6.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі