Указ пра продаж валюты без пашпарта апублікаваны, але банкі пра яго не ведаюць

31/05/2017 - 10:03

30 траўня на Нацыянальным прававым партале апублікаваны ўказ Аляксандра Лукашэнкі, якім адмяняецца пакупка валюты па пашпарце. З 6 красавіка 2011 года ў Беларусі, каб набыць у абменніках долары, еўра і нават расійскія рублі, трэба прад'явіць пашпарт. Але днямі прэс-служба кіраўніка краіны абвясціла, што прыйшоў час скасаваць гэтую нязручную для людзей норму.

Скрыншот з сайта pravo.by

Дакумент набывае моц "пасля афіцыйнага апублікавання". Якраз у такой рубрыцы: "Афіцыйнае апублікаванне" — указ можна пабачыць на сайце pravo.by. Але "лібералізацыі валютнага рэжыму", з мэтай якой указ быў падпісаны, не адбылося: банкі кажуць, што ніякіх зменаў пакуль няма.

"Пакуль не было ніякіх зменаў. Калі набываць [валюту] — дык прыходзьце з пашпартам, — адказваюць Еўрарадыё ў службе падртымкі "Беларусбанка". — Афіцыйнай інфармацыі менавіта з боку нашага банка пакуль не было".

Раздрукоўваем указ і нахабна ідзем без пашпарта ў аддзяленне "Беларусбанка". Але там нас расчароўваюць:

"Тое, што вы там некуды зайшлі і раздрукавалі, нічога не значыць. Нам трэба, каб усё гэта было аформлена дакументальна. А на гэта патрэбны час. Чытайце ўказ, што там вышэй напісана: цягам трох месяцаў Нацбанк дашле нам рэкамендацыі".

Такім чынам, нягледзячы на тое, што з учорашняга дня ўказ пра пашпарт пры набыцці валюты адменены, "лібералізацыя" адбудзецца добра калі ў жніўні.

У аддзяленні "Белаграпрамбанка" ўсё паўтараецца. Без пашпарта, кажуць, заходзьце праз тры месяцы.

Нацбанк Беларусі абяцае падрабязна пракаментаваць сітуацыю цягам гадзіны. На прамое пытанне: ці будзе ўжо сёння валюта прадавацца без пашпарта, у прэс-службе Нацбанка адказалі каротка: "Не сёння".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі