Удзельнікаў студэнцкага маршу не дапускаюць да сесіі

06/01/2016 - 14:08

Студэнта БДУ Глеба Вайкуля могуць адлічыць. З трэцяй спробы яму не паставілі залік па псіхалогіі літаратурнай творчасці. Глеб — удзельнік маршу студэнтаў, вулічнай акцыі, якая адбылася 2-га снежня і сабрала некалькі соцень удзельнікаў.

Гэты пратэст пачаўся з незадаволенасці платнымі пераздачамі і вырас у вулічную акцыю з патрабаваннем удзелу ў кіраванні ўніверсітэтам.

Залік Глебу Вайкулю не пагадзілася ставіць выкладчыца, прафесар Таццяна Шамякіна.

Глеб Вайкуль: "Ні ў якую не жадала ставіць мне залік. І абяцала, што я магу пераздаць камісію. Але гэта апошняя інстанцыя, пасля яе — адлічэнне. Я падкупіўся яе аўтарытэтам і выйшаў са спадзяваннямі, што ў мяне будзе магчымасць. А пасля ўнізе ўбачыў сябе ў лісце на адлічэнне. А цяпер я не магу да яе дазваніцца".

Апошняя надзея Глеба — што ў дэканаце ўсё ж дазволяць пераздаць камісію. Праблемы з адлічэннем ён звязвае з ціскам адміністрацыі на студэнтаў, удзельнікаў маршу. Сярэдні бал за мінулую сесію ў яго 5,7. Раней меў некалькі пераздач, але здаваў, не даходзячы да камісіі.

У адміністрацыі БДУ пакуль не пацвярджаюць адлічэнне: няма афіцыйнага загада.

"Ніякія загады пакуль не падпісваліся. І афіцыйнай інфармацыі пра яго адлічэнне факультэт не даваў", — кажуць у адміністрацыі БДУ.

На філалагічным факультэце, дзе навучаецца Глеб, адмаўляюцца даваць інфармацыю журналістам. Але асабіста Глебу Вайкулю ўжо паведамілі: пераздаць камісію нельга.

Бал залікоўкі за апошнюю сесію ад 5,7 да 9.

Некалькі студэнтаў ужо адчулі на сябе праблемы праз марш студэнтаў ці ўдзел ў інтэрнэт-суполцы "студэнты супраць". Апроч Глеба Вайкуля, па інфармацыі Еўрарадыё, дваіх не дапусцілі да сесіі. Пра адлічэнне аднаго студэнта паведамляюць праваабаронцы.

"Мы ведаем пра трох студэнтаў. Аднаго з іх ужо выключылі, другога не дапускаюць да сесіі. І гэты выключаны студэнт нават не быў удзельнікам маршу. Ён быў на факультэце падчас маршу", — паведамляе Аляксандра Кузьміч, сябра цэнтра развіцця студэнцкіх ініцыятыў.

Пакуль адлічаны не хоча называць сваё імя. А праваабаронцы праводзяць маніторынг ціску на студэнтаў.

Раней тром удзельнікам маршу студэнтаў прысудзілі адміністрацыйныя спагнанні. Глебу Вайкулю — 3,2 мільёна, Паўлу Сяргею — 4,5 мільёна і Максіму Вінярскаму — амаль 15 мільёнаў.

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі