У Віцебску ліквідуюць аб'яднанне хворых на гемафілію

17/01/2022 - 14:22

Віцебскі абласны суд 18 студзеня разгледзіць справу аб ліквідацыі абласнога грамадскага аб'яднання хворых на гемафілію (незгусальнасць крыві). Пазоў падало Галоўнае ўпраўленне юстыцыі аблвыканкама, пішуць "Народныя навіны Віцебска".

Аб'яднанне было створанае ў 1995 годзе. Яго мэта — дапамога ў вырашэнні праблем лячэння і прафілактыкі гэтага захворвання. Таксама арганізацыя дапамагала з рэабілітацыйным і санаторна-курортным лячэннем, папярэджаннем і зніжэннем інваліднасці, атрыманні дзецьмі і падлеткамі неабходнай адукацыі, працаўладкавання і сацыяльна-бытавога забеспячэння.

Усе чальцы Віцебскага абласнога таварыства хворых на гемафілію — інваліды 1-2-й груп з дзяцінства па парушэнні апорна-рухальнага апарата. Больш за 90% з іх непрацаздольныя. Агулам у Віцебскай вобласці налічваецца каля сотні такіх хворых.

Працэс ліквідацыі грамадскіх аб'яднанняў працягваецца ў Беларусі з ліпеня 2021-га. Аляксандр Лукашэнка паведаміў у інтэрв'ю заходнім СМІ, што загадаў "выразаць усіх". Пад "зачыстку" трапляюць нават такія арганізацыі, як аб'яднанне пчаляроў і дзіцячы хоспіс.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі