У Венесуэле апазіцыя змагла зарэгістраваць свайго кандыдата ў прэзідэнты

28/03/2024 - 08:52

Венесуэлу зноў чакаюць пратэсты / Reuters

У Венесуэле апазіцыя змагла зарэгістраваць свайго кандыдата ў прэзідэнты. Праўда, атрымалася гэта зрабіць толькі з трэцяй спробы. Першых двух кандыдатак — Марыю Карыну Мачада і Карыну Ёрыс — улады заблакавалі, паведамляе "Бі-Бі-Сі".

У сераду кааліцыя "Адзіная платформа" аб'явіла, што змагла зарэгістраваць кандыдатам у прэзідэнты былога дыпламата Эдмунда Гансалеса. Але ён будзе часовым кандыдатам, паколькі ў кааліцыі пакуль няма магчымасці зарэгістраваць таго, каго яна хацела. Да 20 красавіка партыі могуць замяніць кандыдатаў. Так, відаць, апазіцыя і зробіць з Гансалесам.

Не дапушчаная да выбараў 56-гадовая Мачада з'яўляецца вопытным палітыкам, адным з лідараў апазіцыі. На апазіцыйных праймерыз яна сабрала больш за 90% галасоў. Марыя Карына Мачада здолела аб'яднаць вакол сябе розныя палітычныя сілы, у тым ліку і тыя, якія яшчэ нядаўна варагавалі паміж сабой.

Яшчэ да згаданых праймерыз венесуэльскія ўлады абвінавацілі Мачада ў супрацоўніцтве з былым апазіцыйным лідарам Хуанам Гуайдо і падтрымцы санкцый супраць Венесуэлы. Ёй на 15 гадоў забаранілі ўдзельнічаць у выбарах. Вярхоўны суд, укамплектаваны прыхільнікамі Мадуры, скаргу адхіліў.

80-гадовую Карыну Ёрыс, навукоўца, зарэгістраваць не ўдалося з-за "непераадольнай перашкоды". Апазіцыянеры запісалі і распаўсюдзілі ў сацсетках відэа, у якім шмат разоў спрабуюць залагініцца на сайце выбарчага савета і не могуць гэтага зрабіць! Пасля гэтага, аднак, улады працягнулі тэрмін рэгістрацыі кандыдата адной з партый кааліцыі. І апазіцыянеры зарэгістравалі Гансалеса.

Апазіцыйнага кандыдата чакае барацьба з прэзідэнтам Нікаласам Мадурам, які будзе ўдзельнічаць у ліпеньскіх прэзідэнцкіх выбарах. Чакаецца ўдзел 12 кандыдатаў, але частка з іх выказвае лаяльнасць дзейнаму прэзідэнту.

Мадуры 61 год. Ён кіруе Венесуэлай з 2013-га і збіраецца абрацца на трэці шасцігадовы тэрмін. Сваім прыхільнікам Нікалас Мадура заявіў, што яны "заўсёды будуць перамагаць".

Марыя Карына Мачада і Карына Ёрыс / Reuters

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі