У Токіа прайшла ўрачыстая сустрэча алімпійскага агню, але яму рады не ўсе

09/07/2021 - 09:12
Цырымонія прыбыцця алімпійскага агню ў Токіа​ / Reuters

У Токіа стартаваў заключны этап эстафеты Алімпійскага агню. З гэтай нагоды на стадыёне "Камадзава Алімпік" прайшла ўрачыстая цырымонія, перадае ТАСС.  

Гэта мерапрыемства з удзелам губернатара Токіа Юрыка Коікэ лічыцца афіцыйнай сустрэчай агню ў Токіа і пачаткам апошняга этапу эстафеты.

Эстафета пачалася 25 сакавіка ў прэфектуры Фукусіма. І за гэтыя месяцы агонь пранеслі па ўсёй краіне. Такійскі этап павінен завяршыцца 23 ліпеня ў дзень адкрыцця Алімпіяды на галоўнай алімпійскай арэне.

Эстафета ў Токіа стартавала на фоне навін аб росце захворвання COVID-19. Шэраг мясцовых актывістаў выступаюць супраць гульняў. Побач са стадыёнам, дзе праходзіла цырымонія, сабралася нават невялікая акцыя пратэсту — людзі патрабавалі адмяніць гульні. На іх думку, гэтыя спаборніцтвы ў перыяд пандэміі могуць прывесці да росту колькасці заражэнняў і негатыўна паўплываць на эканоміку Японіі.

Напярэдадні арганізатары гульняў на фоне пагаршэння сітуацыі з каранавірусам прынялі рашэнне праводзіць спаборніцтвы ў закрытым рэжыме — то-бок без гледачоў. Балельшчыкаў пусцяць толькі на спаборніцтвы, якія будуць праходзіць на аддаленых і маланаселеных астраўных тэрыторыях, якія ўваходзяць у прэфектуру Токіа.

Алімпійскія Гульні ў Токіа павінны былі прайсці ў мінулым годзе, аднак з-за пандэміі іх перанеслі.

Акцыя пратэсту супраць правядзення Алімпійскіх гульняў у Токіа / Reuters

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі