Томаш Шмыт / фота з яго акаўнту ў Фэйсбуку
Польская пракуратура прыпыніла расследаванне справы экс-суддзі Томаша Шмыта, які ўцёк у Беларусь. Прычынай называецца немагчымасць правядзення працэсуальных дзеянняў з удзелам падазраванага, заўважыла выданне "Позірк".
"Расследаванне дзейнасці былога суддзі Томаша Шмыта было прыпыненае 7 лістапада 2025 года", — паведаміў прэс-сакратар Нацыянальнай пракуратуры Польшчы Пшэмыслаў Новак. Ён удакладніў, што раней пракуратура праводзіла збор доказаў, аналізавала дакументы ды іншыя крыніцы інфармацыі, дапытвала сведак. Прававой дапамогі ад уладаў Беларусі Польшча не атрымала. Статус палітуцекача, які Шмыт атрымаў у Беларусі ў лістападзе 2024-га, выключае магчымасць яго экстрадыцыі.
Пра ўцёкі суддзі Томаша Шмыта ў Беларусь стала вядома 6 траўня 2024 года. Ён заявіў, быццам зазнаў "пераслед і пагрозы за самастойную палітычную пазіцыю". На наступны дзень прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што Шмыт мае даўнюю сувязь з беларускімі спецслужбамі.
13 снежня 2024 года акруговы суд у Варшаве выдаў на арышт Шмыта еўрапейскі ордар. Ён дзейнічае толькі на тэрыторыі дзяржаваў, якія ўваходзяць у Еўрасаюз.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут