“У нас ёсць больш смяротная зброя, чым беларускія “Паланэзы”

18/07/2018 - 19:23

Тэма адмовы афіцыйнага Мінска ад далейшага продажу сваіх сістэм залпавага агню “Паланэз” Азербайджану пастаянна абмяркоўваецца з прадстаўнікамі МЗС Беларусі. Пра гэта заявіў у адказ на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё намеснік міністра замежных спраў Арменіі Рубэн Рубінян:

“Беларусь і Арменія супрацоўнічаюць у некалькіх шматбаковых фарматах і для нас нелагічна, што Беларусь прадае зброю Азербайджану (Беларусь і Арменія ў адрозненне ад Азербайджана з’яўляюцца чальцамі АДКБ — Еўрарадыё). Але ў той жа час мы прыхільнікі абмеркавання такіх пытанняў у сяброўскай абстаноўцы і мы знаходзімся ў пастаянным кантакце з нашымі беларускімі калегамі”.

Але якія аргументы прыводзяць армянскія дыпламаты на карысць сваёй пазіцыі, прадстаўнікі МЗС Арменіі пералічваць адмаўляюцца.

“Я не думаю, што тыя аргументы, якія выкарыстоўваюцца, павінны агучвацца публічна, — кажа прэс-сакратар МЗС Арменіі Тыгран Балаян. — Я хачу звярнуць вашу ўвагу на сустрэчу міністраў замежных спраў Арменіі і Беларусі, якая адбылася ў чэрвені ў Мінску падчас нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін-партнёраў праграмы “Усходняе партнёрства”. На гэтай сустрэчы ўсе гэтыя аргументы былі прыведзеныя. У беларускага боку таксама сваё бачанне гэтых праблем. Але ёсць разуменне, што існуючыя праблемы мы павінныя абмяркоўваць і вырашаць сумесна. Асабліва ўлічваючы нашы партнёрскія адносіны ў межах АДКБ”.

Еўрарадыё: Ці можа адным з такіх аргументаў быць набыццё Арменіяй беларускіх “Паланэзаў”?

Тыгран Балаян: Арменія таксама зброю набывае. І нам няма патрэбы паказваць кожны самалёт ці іншы транстпарт, які прыходзіць да нас з набытай намі зброяй. У нас ёсць сваё бачанне таго, якую зброю нам набываць. На дадзены момант у нас не менш смяротная зброя, чым беларускія “Паланэзы”, а можа нават і больш смяротная, больш магутная. Але мы не прыхільнікі бразгання зброяй — гэта не дапамагае працэсу.

Па словах армянскіх дыпламатаў, такія паводзіны партнёраў па АДКБ (Расія таксама актыўна прадае зброю Азербайджану) не прымусіць Арменію выйсці з дамовы аб калектыўнай бяспецы, дзе ёсць такія партнёры.

Увогуле, прадстаўнікі МЗС Арменіі неаднаразова звярталі ўвагу, што ніякіх зменаў у знешняй палітыцы новае кіраўніцтва краіны рабіць не будзе — да ЕС “у абдымкі” не кінецца, у NATO не папросіцца.

“Мы не хочам будаваць адносіны з адным бокам за кошт бока другога. Вось і тут і праходзіць такая рыса ў збліжэнні з ЕС, якую мы не перойдзем: калі збліжэнне з адным бокам робіць за кошт другога боку. Гэта не лепшы шлях”, — заявіў дарадца прэм’ер-міністра Арменіі па знешніх адносінах Арсен Харацян.

Журналісты нагадваюць, што папярэдні кіраўнік Арменіі Серж Саргсян прызнаў вынік праведзенага ў Крыме рэферэндума. І ў Саўбезе ААН Арменія галалавала супраць рэзалюцыі, якая асуджала анэксію Крыма Расіяй. Журналісты цікавяцца: гэта пазіцыя таксама застаецца нязменнай?

“Папярэдні прэзідэнт Арменіі ў тэлефоннай размове з Уладзімірам Пуціным заявіў, што “крымскі рэферэндунм” з’яўляецца волевыяўленнем народа. І ўсё — больш нічога”, — разводзіць рукамі прэс-сакратар МЗС Арменіі Тыгран Балаян.

“А вы паглядзіце як цягам апошныі двух дзесяткаў гадоў Украіна на розных пляцоўках галасавала па пытанні Нагорнага Карабаха!”, — папракае ў адказ дарадца прэм’ер-міністра Арменіі па знешніх адносінах Арсен Харацян.

Журналісты не супакойваюцца. І дыпламаты, здаецца, пачынаюць злавацца.

“Роля дыпламатаў не ў нагнятанні абстаноўкі. Калі вы зараз атрымаеце нейкі адказ, станоўчы ці адмоўны, ад гэтага ні ўкраінцам, ні нашым расійскім калегам, ні людзям, што жывуць у Крыме і Данбасе нічога добрага не будзе. Таму канкрэтнага адказу вы не пачуеце. Я сказаў, як было пры папярэдняй адміністрацыі. Зараз вы сваёй настойлівасцю можаце нанесці шкоду нашым адносінам з Украінай ці Расіяй. І нічога добрага ад гэтага не будзе нікому! Таму давайце на гэтым закрыем гэта пытанне”, — закрывае тэму прэс-сакратар МЗС Арменіі Тыгран Балаян.

На развітанне дарадца прэм’ер-міністра Арменіі Арсен Харацян паабяцаў, што Нікол Пашанян абавязкова наведае Беларусь. Як толькі разбярэцца крыху са шматлікімі ўнутранымі праблемамі і іншымі, больш важнымі, замежнымі візітамі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі