У Мінску пенсіянерка выкінула з балкона больш за 760 тысяч еўра

08/02/2024 - 14:09

Жанчына загарнула ў ручнік усе грошы, якія знайшла ў кватэры / t.me/pressmvd/

У Мінску пенсіянерка загарнула ў ручнік і выкінула з балкона больш за 760 тысяч еўра — свае зберажэнні і грошы свайго сына. Грошы падабраў 16-гадовы кур'ер тэлефонных махляроў. Яго затрымала міліцыя. У 10-класніка адной з мінскіх гімназій забралі згаданую суму ў еўра, а таксама 5300 долараў і 4700 рублёў.

Высветлілася, што мінчанка стала ахвярай махляроў. Спачатку 7 лютага ёй патэлефанаваў у месенджары невядомы, які прадставіўся супрацоўнікам Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Ён паведаміў, што яе грашыма "спрабуюць завалодаць махляры". І каб іх зберагчы, усе наяўныя трэба прывезці і задэклараваць у бліжэйшым аддзяленні банка. Тэлефанаванні працягваліся па відэасувязі, невядомыя, каб здабыць давер, паказвалі свае "пасведчанні". Паколькі сама 75-гадовая жанчына ўжо не магла выйсці з дома, ёй прапанавалі скінуць з акна пакет з грашыма кур'еру, які мусіць сказаць "кодавае слова".

Затрыманы гімназіст сцвярджае, што прапанову аб падпрацоўцы ён знайшоў у мэсэнджары. Па заданні куратара павінен быў забраць пакет з грашыма і перавесці наяўныя на крыптакашалёк, але не паспеў гэта зрабіць. Міліцыя абяцае пенсіянерцы вярнуць грошы, паведамляе МУС.

Следчы камітэт адзначае, што юнак пачаў працаваць з махлярамі яшчэ ў 2023 годзе. У дачыненні да непаўналетняга распачатая крымінальная справа па артыкуле "махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі