У Мінск прыязджае Tokio Hotel. Квіткі каштуюць ад 83 да 7325 рублёў

28/05/2019 - 13:01

15 чэрвеня ў 20:00 у сталічным Prime Hall пачнецца канцэрт вядомых рокераў і куміраў мільёнаў нефармалаў, гурта Tokio Hotel. Немцы ўжо другі раз прыязджаюць у Беларусь. Гэтым разам — з адмысловай праграмай Melancholic Paradise, прысвечанай 15-годдзю калектыву. Падчас канцэрта можна будзе пачуць найлепшыя трэкі і самыя вядомыя хіты за ўсю кар’еру рокераў.

Навінкай для беларускіх фанатаў будзе сістэма апгрэйду квіткоў. Самы танны квіток (танцпол) каштуе 83 рублі. Але для самых сапраўдных і багатых фанатаў існуе магчымасць атрымаць нашмат больш, чым месца ў залі. Самы танны варыянт “апгрэйду” каштуе 75 еўра. Ён складаецца з шасці пунктаў і ўключае прыярытэтнае права ўваходу на канцэрт, у краму мерчандайза, а таксама наведванне саўндчэка і фота з гуртом.

Самы дарагі квіток — 3150 еўра. Ён называецца Melancholic Paradise ў гонар тура і ўключае адразу 22 пункты, сярод якіх: пражыванне ў адным гатэлі з гуртом, спецыяльны сняданак ад гурта, СПА-працэдуры, дастаўку на канцэрт у лімузіне, персанальнае выкананне адной песні гуртом у грымёрцы, напоі ў кампаніі куміраў і размовы з музыкамі пасля канцэрта.

Набыць квіткі можна на пляцоўках chg.by, ticketpro.by, kvitki.by. Калі ж вы жадаеце набыць “апгрэйджаны” квіток і атрымаць рэальны шанец сустрэцца з кумірамі, то звяртайцеся на інфалінію: (029) 389 86 16.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі