У Гродне ідзе чарговы суд за дзедаўшчыну

25/04/2018 - 14:51

У судзе Гродзенскага раёна ідзе судовы працэс над стараслужачымі — сяржантам Уладзіславам Яльцом і яфрэйтарам Максімам Малышкам з 6-й асобнай механізаванай брыгады. Хлопцам пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі, піша nn.by.

20-гадовага сяржанта Яльца вінавацяць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў з ужываннем гвалту, 24-гадовы Малышка праходзіць як яго пасобнік. Па версіі следства, улетку 2017 года на палявым выхадзе яны ўдвух збілі пяцярых салдатаў — нібыта каралі за тое, што ў вайсковым намёце ўначы згасла буржуйка.

Гродзенская справа ўзнікла ў выніку праверак, якія пачаліся ў войску пасля гібелі шарагоўца Аляксандра Коржыча ў Пячах.

Ялец і Малышка знаходзяцца на волі, працягваюць службу — праўда, у іншай часці. Абодва хлопцы служаць з восені 2016 года. Да дэмабілізацыі ім застаецца менш за месяц. 

У каментары nn.by Максім Малышка паведаміў, што адмаўляецца даваць сведчанні ў судзе і не прызнае сваю віну. "Таму што паказанні ў пацярпелых бралі чатыры разы — і ўсе чатыры разы паказанні былі розныя", — заяўляе хлопец. Па яго словах, Ялец таксама адмовіўся прызнаць віну і даваць паказанні.

"Пацярпелыя сцвярджаюць, што калісьці летась, у адзін з дзён жніўня на палявым выхадзе яны тапілі печ. Пасля іх нібыта паднялі, пастроілі і пабілі. Але ж сінякоў у іх не было, скаргаў не было, камандзір праводзіў агляд — і ўсё было нармальна", — кажа Малышка. Ён дадае, што пацярпелыя некалькі месяцаў нікому не казалі нічога, а ў лістападзе раптам заявілі. 

Паводзіны пацярпелы Малышка тлумачыць так: "Гэта салдаты. Гэта робаты. Ім сказалі, як і што зрабіць, яны так і зробяць, каб не мець праблем".

Малышка дадае, што падчас следства яго вінавацілі ў пасобніцтве Яльцу, але потым выставілі абвінавачванне ў нестатутных узаемаадносінах (па гэтым артыкуле меншае пакаранне). Але калі справу перадалі ў пракуратуру, то нібыта адтуль справу вярнулі следчым. І вярнулі абвінавачванне ў пасобніцтве.

Пасяджэнне па справе працягнецца 26 красавіка.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі