У Генштабе УСУ лічаць, што Беларусь, імаверна, рыхтуецца да ўдзелу ў вайне

15/12/2022 - 12:20
Танкавыя вожыкі на пункце пропуску на ўкраінска-беларускай мяжы / pravda.com.ua

Імаверна, Беларусь усё-такі рыхтуецца да ўступлення ў вайну супраць Украіны. Пра гэта заявіў сёння на брыфінгу намеснік начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны (УСУ) Аляксей Громаў. Хоць на дадзены момант і ўкраінскія вайскоўцы, і замежныя эксперты ацэньваюць такую імавернасць як вельмі нізкую.

Аднак ёсць пэўныя абставіны, якія сведчаць пра такую магчымасць. Громаў нагадаў, што Памежны камітэт Беларусі падоўжыў да 1 сакавіка 2023 года абмежаванні на ўезд і знаходжанне грамадзян у памежнай паласе ў раёнах Гомельскай вобласці, якія мяжуюць з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцямі Украіны. Акрамя таго, паводле звестак украінскіх вайскоўцаў, у памежных раёнах Брэсцкай вобласці на мінулым тыдні добраахвотнікаў агітавалі ўступаць у падраздзяленні тэрытарыяльнай абароны.

"Падчас правядзення гутарак кандыдатам даказваюць, што ў выпадку ўвядзення ў краіне ваеннага становішча ім будзе выдадзеная зброя і амуніцыя, а іх асноўнай задачай будзе ахова і абарона супольнасцяў у складзе сфармаваных падраздзяленняў тэрабароны", — заявіў Громаў. Ён таксама нагадаў пра ўвядзенне ў Беларусі смяротнага пакарання за дзяржаўную здраду для вайскоўцаў і прадстаўнікоў дзяржаўнай улады.

"Не выключана, што такія дзеянні рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі з'яўляюцца адным з крокаў у рамках падрыхтоўкі да ўдзелу ў вайне супраць Украіны", — заявіў прадстаўнік абароны Украіны.

Раней як падрыхтоўку да вайны ацаніў рашэнне беларускіх дэпутатаў караць смерцю вайскоўцаў і чыноўнікаў за здраду дзяржаве і палітолаг Арцём Шрайбман. "Беларускія ўлады глядзяць на ўсе касякі, якія адбыліся ў Расіі, і робяць крокі на апярэджанне, каб не дапусціць тых самых памылак у сітуацыі, калі давядзецца падключыцца да вайны", тлумачыў ён у інтэрв'ю Еўрарадыё. Пры гэтым аналітык адзначыў, што ўсе гэтыя дзеянні пакуль не значаць, што беларускія ўлады "вырашылі ўступіць у вайну ці ведаюць адназначна, калі вырашаць, але іх паводзіны дакладна кажуць пра тое, што такі варыянт ёсць — альбо іх праціснуць, альбо ўжо гэтым займаюцца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі