Прыватныя пансіянаты перасталі прымаць састарэлых — людзі могуць апынуцца на вул

27/09/2024 - 14:10

Прыватныя дама састарэлых сыходзяць у нябыт / @rubanau_collage

З 1 кастрычніка ўлады Беларусі ўводзяць прымусовае ліцэнзаванне для прыватных сацыяльных пансіянатаў. Эксперты тлумачаць гэтую актыўнасць уладаў жаданнем пераарыентаваць сферу паслуг на дзяржсектар. Такое ўжо адбылося раней з таварыствамі ўладальнікаў жытла, фітнес-трэнерамі, дзіцячымі садкамі і школамі.

Еўрарадыё разбіралася, ці атрымаецца ў такіх умовах уладкаваць сваяка ў дом састарэлых.

 

“Людзі могуць апынуцца на вуліцы”

Паводле інфармацыі экс-міністаркі працы і сацабароны Ірыны Касцевіч, прыватных дамоў састарэлых у краіне каля 30.

Еўрарадыё звязалася з адзінаццацю пансіянатамі (“Выток”, “Гасцінны”, “Старасць у радасць”, “Ціхая гавань”, “Пансіянат 5 зорак”, “Формула дабрыні”, “Жэмчуг”, “Цяпло любімых”, “Шаноўны ўзрост”, “Дапамога блізкіх”, “Ладэ”), і ўсюды нам адказалі, што вольных месцаў няма і невядома калі будуць.

Падапечныя дому састарэлых / formula-dobra.by

З чым звязаны такі ажыятаж? Некалькі суразмоўцаў патлумачылі нам, што рэч у ліцэнзіі, якой ніхто не атрымаў. 

Што будзе з людзьмі, якія ўжо знаходзяцца пад апекай прыватных пансіянатаў, іншы суразмоўца не змог сказаць.

“На жаль, я не магу адказаць на гэтае пытанне. На яго [пытанне] павінныя адказаць тыя, хто прыдумаў гэтую працэдуру. Па сутнасці атрымліваецца так, што людзі могуць апынуцца на вуліцы”.

Дзяржаўныя пансіянаты, да якіх мы датэлефанаваліся (“Гармонія”, “Крыніца”, Псіханеўралагічны інтэрнат №3), паведамілі, што месцы ёсць, але трапіць туды можна толькі праз пуцёўкі, якія выдаюцца мясцовымі выканкамамі пасля праходжання медкамісіі і збору неабходных дакументаў.

Вельмі імаверна, што праз адсутнасць прыватных дамоў састарэлых хутка ўзрасце попыт на паслугі прыватных сядзелак і нянек. Цяпер цана такой паслугі, паводле інфармацыі сэрвісу rabota.by, складае ад 900 да 2000 рублёў за месяц. 

 

“Я не ведаю, як бы мы выжылі, калі б не было гэтых пансіянатаў”

Можа падацца, што нічога страшнага, калі сваяка можна аддаць толькі ў дзяржаўны пансіянат. Тут ужо каму як пашчасціць, але Алесь [імя мужчыны зменена з меркаванняў бяспекі. — Еўрарадыё] у размове з Еўрарадыё прызнаўся, што дзяржаўнай сферы ён не давярае.

Каменскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў / bobruisk.ru

“Тата жонкі пару дзён прабыў у гарадскім хоспісе — нам хапіла, каб усё зразумець”.

Мужчына ў канцы 2010-х пачаў шукаць дом састарэлых, калі дапамога спатрэбілася бацькам яго і жонкі.

“У нас было трое бацькоў на забяспечанні. Тата жонкі — ляжачы хворы, рак кішэчніка, у маёй і жончынай маці — дэменцыя. Мы фізічна не маглі даглядаць і сачыць за імі. Мы жылі за горадам, а бацькі жонкі — у Мінску, за 60 кіламетраў ад нас. Нейкі час мы з жонкай нават жылі асобна. Яна са сваімі бацькамі, а я з мамай. Часам нават даводзілася іх браць з сабой на працу, бо пакідаць адных было нельга. Мы доўга шукалі найлепшы варыянт. Дзяржаўных пансіянатаў нават не разглядалі”. 

Спачатку Алесь абраў пансіянат у Вішнёўцы, але гэты варыянт хутка адваліўся.

“Наяўнасць ліцэнзіі, добрыя ўмовы, кругласутачны кантроль за хворымі. Добрая кухня. Пакоі на 2-3 чалавекі. Аплата праз банк. Але гэты пансіянат знаходзіўся далёка ад нашага месца пражывання, і ездзіць туды кожны дзень было складана, але 2-3 разы на тыдзень мы іх наведвалі”.

Праз некалькі месяцаў Алесь з жонкай знайшлі іншы прыватны пансіянат пад Мінскам. Ён знаходзіўся за 15 кіламетраў ад іх дома і быў акурат па дарозе на працу. 

“Там былі добрыя ўмовы. Пакоі на дваіх, кругласутачны догляд, добрае харчаванне. Наяўнасць ліцэнзіі і аплата праз банк. Наведвалі практычна кожны дзень. Але ў перыяд кавіду наведванні забаранілі, і мы перадавалі толькі прадукты, падгузнікі і лекі”.

Мужчына кажа, што кіраўніцтва абодвух пансіянатаў заўсёды ішло на кантакт і ўсе пытанні вырашаліся без асаблівых праблем.

“У абодвух пансіянатах быў чалавек з медыцынскай адукацыяй, які сачыў за пацыентамі і за прыёмам лекаў. На аплату ішлі ўсе пенсіі, і мы яшчэ даплачвалі прыкладна па 100-150 долараў на кожнага з траіх бацькоў. Яшчэ, вядома, дапамагала наяўнасць свайго транспарту — і ў мяне, і ў жонкі былі машыны. Я не ведаю, як бы мы выжылі, калі б не было гэтых пансіянатаў”.

Што будзе з прыватным сектарам догляду састарэлых і яго кліентамі, даведаемся ўжо ў кастрычніку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі