Прыхільніцу Лукашэнкі суд адправіў на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне

27/09/2024 - 20:00

Наталля Мікуліч / фота з яе сацсетак

На прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным шпіталі суд адправіў Наталлю Мікуліч — прыхільніцу Лукашэнкі, якую вінавацілі па трох "палітычных" артыкулах. Гэта заўважыла "Наша Ніва".

52-гадовую Наталлю Мікуліч вінавацілі ў дыскрэдытацыі Беларусі (артыкул 369-1 КК), распальванні варожасці (ч. 1 артыкула 130 КК) і паклёпе (артыкул 188 КК). Ёй пагражала да пяці гадоў пабаўлення волі і штраф. Аднак суд пастанавіў, што жанчына не магла несці адказнасць за свае дзеянні. 27 верасня МУС унесла яе ў "спіс экстрэмістаў".

Паведамляецца, што ў базу "Беспарадкі" Мікуліч трапіла, хутчэй за ўсё, за старыя рэпосты публікацый з сайтаў, прызнаных "экстрэмісцкімі". Доступ да сваёй старонкі ў "Аднакласніках" жанчына, імаверна, страціла, таму не магла выдаліць гэтыя матэрыялы.

У сацсетках жанчына заяўляла, што падтрымлівае палітыку Лукашэнкі. Пры гэтым сілавікоў і дзяржаўныя структуры яна вінаваціла ў тым, што яны нібыта пакрываюць педафілаў.

Апошнія гады Мікуліч вяла вайну з зяцем: яна заяўляла, быццам ён гвалтаваў сваю дачку — яе ўнучку. За гэта яна спрабавала прыцягнуць мужчыну да адказнасці. Следчыя правялі вялікую колькасць праверак і вырашыні не пачынацб крымінальную справу на зяця Мікуліч. А ў траўні 2023-га мужчына і сам падаў на яе пазоў аб абароне гонару і годнасці. Судовае паседжанне скончылася на карысць зяця Наталлі.

Сёлета ў лютым Мікуліч са сваім мужам Сяргеем хадзіла на прыём да міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова ў Валожыне. Ён абяцаў вывучыць матэрыялы праверкі наконт яе зяця. А праз два месяцы жанчына знікла з сацсетак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі