Горы Кыргызстана / facebook.com/sashasmirnov
Пры дапамозе дрона ў гарах Кыргызстана выявілі целы загінулых людзей. Гэту могуць быць зніклыя альпіністы — два беларусы і адзін грамадзянін Літвы.
"Мы абавязаны быць дакладнымі ў словах, таму скажам прама, што менавіта ў нас ёсць. Людзей здымкі не паказваюць: амаль усё схавана снегам і камянямі. Мы бачым чаравікі ў кошках, часткі рыштунку і адзення і абрысы, якія чытаем як цела. Сказаць гэта напэўна можна будзе толькі пасля спуску, тады ж стане магчымым і апазнанне. Да гэтага моманту мы не будзем называць ні імёнаў, ні якіх-небудзь падрабязнасцяў", — піша ў сацсетках сябар зніклых альпіністаў Аляксандр Смірноў.
Ён адзначае, што група ішла ў адной звязцы. Рэчы альпіністаў раней былі знойдзеныя ніжэй па схіле. На думку Смірнова, карціна выглядае так: "Наверсе, на грэбені на вышыні каля 5400 метраў, бачная зона свежага адрыву. Туды сыходзяцца ўсе разліковыя лініі падзення, якія мы будавалі па знойдзеных рэчах, а ад яе ўніз ідзе след да месца сённяшняй знаходкі. Што менавіта там адбылося, мы не ведаем і гадаць не будзем".
Беларусы Максім Палянскі і Мікалай Свірыдаў, а таксама грамадзянін Літвы Сяргей Рубцоў на пачатку жніўня ўзышлі на пік Курумды. Аднак у базавы лагер яны не спусціліся і ўвогуле перасталі выходзіць на сувязь. Іх шукалі больш за тыдзень.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут