Ультраправыя перамагаюць на парламенцкіх выбарах у Францыі

01/07/2024 - 06:28

Марын Ле Пэн  / Reuters

Па выніках першага тура парламенцкіх выбараў у Францыі лідзіруе ультраправая партыя "Нацыянальнае аб'яднанне" Марын Ле Пэн і Жордана Бардэла. Паводле звестак экзіт-пулаў, свае галасы за іх аддалі 34% выбаршчыкаў, паведамляе ВВС. Галасаванне адбылося ў нядзелю. На другім месцы левы альянс "Новы Народны Фронт" з 28,1%. Цэнтрысцкую партыю прэзідэнта Эмануэля Макрона падтрымалі 20,3% выбаршчыкаў.

У другі тур праходзяць два вядучыя кандыдаты ў кожнай выбарчай акрузе + усе, хто набраў больш за 12,5% галасоў. У некаторых выпадках у бюлетэні можа апынуцца тры кандыдаты, калі трэці кандыдат набраў дастатковую колькасць галасоў. Другі тур пройдзе ў наступную нядзелю.

Прэзідэнт Францыі Макрон ужо звярнуўся да выбаршчыкаў і заклікаў іх падтрымаць "рэспубліканскіх і дэмакратычных" кандыдатаў у другім туры. А лідар левых Жан-Люк Меланшон заявіў, што здыме сваіх кандыдатаў на ўчастках, дзе яны будуць ісці трэцімі, каб не дапусціць распылення галасоў і прыходу да ўлады ўльтраправых.

Яўка на выбарах склала 67,5%. "Гэта самы высокі ўзровень з часоў выбараў у заканадаўчыя органы 1981 года", — зазначыў у сетцы X дырэктар па даследаваннях сацыялагічнага інстытута Ipsos Мацье Галар.

ВВС нагадвае, што лідары "Нацыянальнага аб'яднання" шмат гадоў працавалі над тым, каб пазбавіцца свайго экстрэмісцкага іміджу. Так партыю ўспрымалі з часоў Жана-Мары Ле Пэна, бацькі Марын Ле Пэн. Цяперашнія ўльтраправыя абяцаюць французам "нацыянальную перавагу" пры выбары працы і жылля, знізіць ПДВ на энерганосьбіты і дазволіць маладым людзям да 30 гадоў не плаціць падаходны падатак. Згодна з апытаннямі, эканамічная праграма "Нацыянальнага аб'яднання" імпануе французам больш, чым у любой іншай партыі. Партыя Марын Ле Пэн таксама хоча адмяніць права на аўтаматычнае атрыманне французскага грамадзянства для дзяцей, якія нарадзіліся ад замежнікаў, калі гэтыя дзеці правялі пяць гадоў у Францыі.

Пасля абвяшчэння вынікаў экзіт-пулаў у шэрагу гарадоў Францыі пачаліся пратэсты — на вуліцы выйшлі тысячы чалавек, якія незадаволеныя поспехам правых папулістаў. Выступленні прайшлі ў Парыжы, Нанце, Дыжоне, Ліле і Марсэлі. У Ліёне, трэцім па велічыні горадзе Францыі, як паведамляюць СМІ, адбыліся сутыкненні пратэстоўцаў з паліцыяй. Дэманстранты ўзвялі на вуліцах імправізаваныя барыкады і пачалі закідваць паліцэйскіх бутэлькамі і петардамі.

Пратэсты пасля аб'яўлення вынікаў экзіт-пулаў / тут і далей фота Reuters

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі