У Брэсце АМАП суправадзіў пратэстоўцаў на сустрэчу з чыноўнікамі

12/07/2020 - 12:52
АМАП у Беларусі / Еўрарадыё

У Брэсце 12 ліпеня адбылася чарговая акцыя супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, якая сабрала каля 30 чалавек. Аднак, як паведамляе "Першы рэгіён", многія туды не дайшлі, так як плошча Леніна была ачэплена супрацоўнікамі міліцыі, якія разгортвалі людзей на падыходзе. 

Тыя, каму ўсё ж такі ўдалося трапіць на плошчу, па традыцыі кармілі галубоў. Аднак праз некаторы час да іх падышлі супрацоўнікі АМАПу, якія настойліва прасілі пратэстоўцаў прайсці ў гарвыканкам. Там прайшла ўжо трэцяя сустрэча з чыноўнікамі для абмеркавання пытанняў арганізацыі рэферэндуму аб лёсе акумулятарнага завода. Яго правядзенне 22 чэрвеня анансаваў Аляксандр Лукашэнка, калі наведваў Брэст і сустрэўся з актывістамі.

Як паведамляла Еўрарадыё, 9 красавіка акумулятарны завод "АйПауэр" прайшоў дзяржаўную экалагічную экспертызу. Ужо больш за два гады гараджане змагаюцца супраць яго будаўніцтва: яны лічаць, што гэта шкодная вытворчасць, якое негатыўна адаб'ецца на экалагічнай сітуацыі.

25 траўня стала вядома, што бізнэсмэн Віктар Лемяшэўскі больш не з'яўляецца ўладальнікам скандальнага прадпрыемства. Цяпер 85% долі кампаніі належаць Сяргею Кагановічу, а 15% — Дзмітрыю Баскаву. Абодва бізнэсмэны звязаны з хакейнай камандай прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі: Кагановіч адзін з гульцоў, а Баскаў — гендырэктар хакейнага клуба "Дынама-Мінск" і трэнер каманды Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі