Даследчыца культуры Кацярына Рускевіч напісала кнігу "Мінск. Мастацтва для архітэктуры" / dom-publishers.com
Вясной 2027 года ў берлінскім выдавецтве DOM publishers выйдзе кніга Кацярыны Рускевіч "Мінск. Мастацтва для архітэктуры", прысвечаная манументальнаму мастацтву Мінска і вобласці ад часоў БССР да сучаснай Беларусі.
Даследчыца культуры пазнаёміць чытача з больш чым 80 выбранымі творамі, падзеленымі на тры часткі: Мінск, яго метро і навакольная Мінская вобласць.
Уступнае эсэ "Ад рэвалюцыі да стабільнасці" раскрые гістарычны кантэкст — ад ленінскага плана манументальнай прапаганды і віцебскага авангарду Шагала і Малевіча да фарміравання самабытнай беларускай школы манументальнага мастацтва.
Каталог правядзе чытача ад упрыгожаных залаў метро да санаторыяў, дамоў культуры, прыдарожных аўтобусных прыпынкаў і мемарыяльнага комплексу "Курган Славы".
QR-коды дазволяць знайсці кожны аб'ект непасрэдна на мясцовасці.
"Па ўсім Мінску сцены, фае і вестыбюлі метро позняссавецкага горада пакрытыя мазаікамі, вітражамі, сграфіта, рэльефамі, насценнымі роспісамі і кампазіцыямі з ліцёнага шкла. Гэтае мастацтва стваралася не для галерэй, а як неад'емная частка архітэктуры і навакольнай гарадской прасторы. У адной з самых ізаляваных і найменш наведваных краін Еўропы гэта мастацкая спадчына доўгі час заставалася практычна невядомай за межамі краіны. Гэтая кніга нарэшце дакументуе яе", — гаворыцца ва ўступе.
"У іншых краінах былога Савецкага Саюза падобныя творы дэмантавалі як сімвалы адкінутага мінулага. У Беларусі, дзе дзяржава па-ранейшаму захоўвае прыхільнасць да савецкай спадчыны і памяці пра вайну, яны таксама паступова знікаюць — аднак не па ідэалагічных прычынах, а з-за рэканструкцыі і запусцення.
Дакументуючы іх будынак за будынкам і мастака за мастаком, гэты даведнік ненавязліва, але настойліва нагадвае пра неабходнасць прызнання і захавання гэтай спадчыны", — піша аўтарка даведніка.
Кніга будзе надрукавана вясной 2027 года, папярэдне азнаёміцца з ёй можна на сайце выдавецтва. Кошт даведніка заяўлены ў 38 еўра.
DOM publishers — берлінскае выдавецтва, якое спецыялізуецца на стварэнні высакаякаснай літаратуры пра архітэктуру і грамадскае будаўніцтва.
Штогод яно выпускае каля сарака новых кніг у такіх серыях, як даведнікі, падручнікі і манаграфіі.
Гэтыя выданні прызначаны для спецыялістаў і студэнтаў па ўсім свеце, а іх міжнародная дыстрыбуцыя ахоплівае гарады ад Нью-Ёрка да Токіа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут