Трамп не выключае ваеннага ўмяшання ЗША ў сітуацыю ў Венесуэле

12/08/2017 - 08:58

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што не выключае амерыканскага ўмяшання ў сітуацыю ў Венесуэле. Ён патлумачыў, што Злучаныя Штаты маюць войскі і ў вельмі аддаленых месцах, у той час як Венесуэла “не вельмі далёка” ад ЗША, а жыхары гэтай краіны “пакутуюць і паміраюць”.

Міністр абароны Венесуэлы Уладзімір Падрына назваў заяву Трампа “вар’яцкім учынкам” і “актам гранічнага экстрэмізму”.

Прадстаўніца Белага дома Сара Хакабі Сандэрс паведаміла ўвечары 11 жніўня, што прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура спрабаваў звязацца з Трампам па тэлефоне, але той адмовіўся з ім размаўляць. Пакуль невядома, калі гэта адбылося — да ці пасля заявы амерыканскага прэзідэнта.

Ужо некалькі год у Венесуэле працягваецца эканамічны крызіс, які прывёў да гіперінфляцыі і татальнага дэфіцыту тавараў першай неабходнасці. У 2015 годзе выбары ў парламент выйграла апазіцыя і яна спрабуе адхіліць ад улады прэзідэнта Нікаласа Мадура. У краіне адбываюцца пратэсты з крывавымі сутычкамі, падчас якіх гінуць людзі.

Гэтым летам у Венесуэле быў створаны Заснаваўчы сход, у які ўвайшлі толькі прыхільнікі прэзідэнта. Орган абвясціў сябе найвышэйшым органам улады ў краіне, які мае права мяняць любыя законы. ЗША абвінавацілі рэжым Мадура ў парушэнні правоў чалавека і ўвялі санкцыі супраць яго і некалькіх іншых высокіх чыноўнікаў, паведамляюць замежныя СМІ.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі