Грошай ад знешняга гандлю становіцца менш / Еўрарадыё
За студзень — травень Беларусь прадала за мяжу тавараў на $1 млрд менш, чым імпартавала, паведамляе Белстат. За месяц адмоўнае сальда павялічылася больш чым на $0,5 млрд.
Пры гэтым з краінамі ЕАЭС Беларусь нагандлявала ў мінус на $2,24 млрд. З ЕС сітуацыя адваротная. Там сальда станоўчае — $1,1 млрд.
Еўрарадыё разабралася, за кошт чаго і так адмоўнае сальда гандлю таварамі падвоілася ўсяго за месяц і наколькі гэта страшна для беларускага рубля.
Паколькі статыстыка за першыя пяць месяцаў года, усе эфекты на курс беларускага рубля ўжо рэалізаваліся, адзначае старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.
— Вельмі важна, што гэта толькі сальда гандлю таварамі. Яно ў нас стабільна адмоўнае, у тым ліку з Расіяй, таму што там мы купляем нафту і газ — і, вядома, купляем больш, чым чагосьці туды прадаём. Таксама ў нас стабільна станоўчае сальда з Еўропай. У першую чаргу за кошт таго, што прадаём туды нафтапрадукты.
Эксперт падкрэслівае, што пры ацэнцы ўплыву на курс рубля глядзець толькі на гандаль таварамі нельга.
— Як мінімум трэба разглядаць гандаль таварамі і паслугамі. Ён стабільна з пачатку года быў станоўчы. Гэта значыць, станоўчае сальда па гандлі паслугамі перакрывала адмоўнае сальда па гандлі таварамі. Гэта адна з прычын, чаму рубель адчувае сябе дастаткова ўстойліва з пачатку года.
Пакуль што ёсць звесткі па гандлі таварамі і паслугамі толькі за студзень — красавік. За гэты перыяд сальда склалася станоўчым ($0,91 млрд). Пры гэтым сальда па гандлі таварамі склала мінус $0,45 млрд. З паслугамі сітуацыя супрацьлеглая. Там сальда — $1,37 млрд. Найбольшы ўклад складаюць камп'ютарныя, тэлекамунікацыйныя і інфармацыйныя паслугі, а таксама транспартныя паслугі.
Акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова адзначае, што скачок адмоўнага сальда гандлю таварамі адбыўся праз падаражэнне тавараў за мяжой.
— Адбылося сур'ёзнае павелічэнне. Мы імпартуем шмат прамежкавых тавараў для сваёй вытворчасці. І яны таксама падаражэлі, а не толькі наш экспарт. Таму здарылася даганяльнае выраўноўванне, падаражэнне імпарту. Было зразумела, што той экспартны цуд, які ў нас даволі доўга быў, павінен быць у нейкі момант кампенсаваны ростам імпарту. І ўмацаванне беларускага рубля таксама робіць імпартныя тавары больш прывабнымі.
На думку Кацярыны Барнуковай, хутка станоўчае сальда гандлёвага балансу будзе каля нуля. І нават экспарт паслуг не дапаможа.
Гэта значыць, што курс беларускага рубля страціць падтрымку ў выглядзе прытоку валюты з-за мяжы.
— Вядома, гэта будзе сур'ёзным скарачэннем яго падтрымкі. Тым больш што ў людзей у Беларусі вялікая насцярожанасць, чаканне дэвальвацыі, асабліва на фоне прынятых ЕС санкцый, якія пакуль яшчэ не дзейнічаюць, але ў будучыні абавязкова падзейнічаюць.
Гэта стварае перадумовы для таго, каб беларускі рубель аслабеў, але не крытычна.
— Мы не гаворым пра абвальную дэвальвацыю, проста пра паслабленне рубля на 5-10 адсоткаў максімум, — адзначае Кацярына Барнукова.
Акрамя таго, санкцыі ЕС маюць адкладзены эфект.
— Толькі з часам яны могуць адбіцца. Санкцыі ж паступовыя. Па-першае, усе дзейныя кантракты будуць выконвацца. Санкцыі будуць працаваць па меры іх заканчэння. Па-другое, па калійнай галіне ў цяперашніх фармулёўках гэтыя санкцыі не закранаюць самы шырокі клас калійных угнаенняў. Можа быць, бліжэй да канца года яны пачнуць адчувацца. І ў цяперашнім выглядзе без увядзення дадатковых пакетаў гэты ўплыў будзе не вельмі моцны, — робіць выснову Вадзім Іосуб.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут