"Свята верым, што ў Ірыны атрымаецца палепшыць сітуацыю. Таму тут і стаім"

11/07/2016 - 09:22

Адзінаццатая раніцы. Ля ГУМа стаіць самотны пікет у падтрымку Ірыны Дарафеевай. Мінакі глядзяць у бок стэнда, дзе красуецца фота заслужанай артысткі Беларусі і яе біяграфія.

"Усе з Магілёва, з майго дома", — кідае жанчына сталага веку пасля прачытання інфармацыі пра спявачку і бяжыць далей па справах. Я ж пытаюся маладога чалавека, які адказвае за пікет, ці можна падпісацца за Ірыну: чаму б не падтрымаць культурнага кандыдата.

— Так, можна, гэта папярэдні збор галасоў на вылучэнне яе ў Палату прадстаўнікоў.

— А калі я не з гэтага раёна?

— Таксама можна. Толькі патрэбны пашпарт.

Пакуль малады чалавек, студэнт Універсітэта культуры, дзе выкладае Дарафеева, запісвае мае пашпартныя дадзеныя ў чысценькі, яшчэ не крануты асадкай падпісны ліст, цікаўлюся праграмай, з якой ідзе ў парламент спявачка.

— Мы не вядзем ніякай агітацыі. Агітацыя будзе толькі пасля 1-га жніўня. Цяпер ідзе вылучэнне. То бок яна яшчэ не балатуецца. Гэта толькі зацвярджэнне яе кандыдатуры на вылучэнне на пасаду дэпутата, — тлумачыць студэнт.

— Але чым яна будзе займацца, калі стане дэпутатам? Нейкія пункты праграмы назваць можаце?

— Гэта спрашчэнне сістэмы падаткаабкладання, павышэнне сацыяльных выплатаў, больш гібкая сістэма камунальных разлікаў...

— А што яна абяцае зрабіць для работнікаў культуры?

— Пакуль пра культуру я нічога не чуў. 

А вось на Нямізе пікетоўцы за Дарафееву пра культуру акурат чулі. І вельмі радыя, што "творчая інтэлігенцыя" трапіць у парламент.

"На што мы ўсе дружна спадзяемся, дык гэта што наша культура будзе перагледжаная. Шмат чаго трэба зрабіць. "Сваіх" людзей цяпер у парламенце няма, і вось будзе здорава, калі там з'явіцца Ірына", — прыязна кажа студэнт-харэограф Універсітэта культуры. А яго калега па пікеце, такая ж мілая дзяўчына ў экіпіроўцы "Белай Русі", дадае:

"Трэба падымаць культуру краіны на больш высокі ўзровень. Бо глядзіш па тэлевізары ці прыязджаеш на нейкія фестывалі за мяжой — і гэта нашмат цікавей, чым у нас. Мы займаемся харэаграфіяй, хочацца рухацца, расці, недзе нешта паказаць, паглядзець, але пакуль што ў нашай краіне мала такіх месцаў. Мы самі свята верым у тое, што ў Ірыны атрымаецца палепшыць сітуацыю! Таму з радасцю тут стаім".

Па словах студэнтаў, за чатыры дні яны сабралі больш за 100 галасоў, але, кажуць, ахвочых паставіць подпіс за Дарафееву няшмат.

Літаральна праз прыпынак, на Раманаўскай Слабадзе, стаіць пікет Людмілы Макарынай-Кібак. На стэндзе пад біяграфіяй доктара медыцынскіх навук, дырэктара РНПЦ отарыналарынгалогіі, што на вуліцы Сухой, размешчаны красамоўны лозунг: "Разам мы зможам усё!!!". Ну як тут пройдзеш міма гэтых "!!!"?

Пікетоўцы, ветлівыя дарослыя людзі, папярэджваюць, што праграма ў доктара ёсць, аднак, згодна з правіламі выбараў, пакуль яе агучваць нельга.

"Па законе яна нават не можа пакуль нічога гаварыць. Калі яна цяпер нейкія пункты агучыць, то проста парушыць заканадаўства, — пераконвае мужчына з пікета. — Яна оталарынголаг, бальніца на Сухой — гэта найлепшая бальніца ў горадзе, гэта яе бальніца".

"У любым выпадку, я лічу, граматны чалавек — ён у прынцыпе ва ўсім разбіраецца", — падтрымлівае калегу адна з жанчын, што стаяць на пікеце.

Падпісацца за Людмілу Макарыну-Кібак у мяне не атрымліваецца, бо я не пражываю ў Маскоўскім раёне сталіцы, ад якога збіраецца балатавацца ў парламент Людміла Эдуардаўна. На  пытанне, чаму тады я, жыхарка Мінскага раёна, змагла падпісацца за Дарафееву, дарослыя пікетоўцы разводзяць рукамі: можа, студэнты нешта наблыталі? Самі яны збіраюць подпісы у Кастрычніцкім раёне.

Еду на Камароўку. Самы шматлюдны і вясёлы пікет, як і чакаецца, стаіць там. Чатыры жанчыны збіраюць подпісы за дзейнага дэпутата Дзмітрыя Шаўцова, таксама доктара. Не дзіва, што цягне да спецыяліста і гарадскіх вар'ятаў.

— Што ён збіраецца зрабіць? Ну, ён робіць цяпер парк Дружбы народаў. Плюс па яго ініцыятыве ў 34-й паліклініцы ўводзяцца электронныя рэцэпты, электронныя картачкі, — пералічвае дзяўчына ў кепцы "Белай Русі".

— Электронныя! А ў духоўным плане чаму ён не працуе? — улазіць у нашу размову мужчына гадоў 60-ці. — Птушку відаць па палёце. Калі ў духоўным плане нічога з пункту гледжання праваслаўных айцоў, у яго нуль шанцаў.

— 1973-га года нараджэння — гэта яму колькі гадоў? 43? — жанчына запальвае папяроску побач з пікетам. — Добры ўзрост. А то адны старыя... Доктар. Будзе медыцыну курыраваць. Хаця дзе іх потым шукаць, тых дэпутатаў... Колькі яму трэба сабраць? Сто тысяч подпісаў?

На гэтае пытанне жанчыны з пікета адказу чамусьці не ведаюць. Затое тлумачаць, што пасля збору подпісаў, калі кандыдатуру Шаўцова зацвердзяць, за яго можна будзе галасаваць усім ахвочым.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі