Як юрыст стаў шпіёнам: падрабязнасці справы Данелюса

20/09/2024 - 12:48

Мантас Данэлюс / Фота са старонкі ў Facebook

У беларускай дыяспары з’явіўся кандыдат на абмен, кажа на ўмовах ананімнасці дырэктарка [спадарыня Н.В. — Еўрарадыё] адной з беларускіх НДА ў Літве. Яна праходзіла па справе літоўскага юрыста Мантаса Данелюса ў якасці сведкі.

Мужчына прапанаваў ёй паслугі юрыста, калі праект каманды спадарыні Н. перамог на хакатоне. Але з часам беларуска пачала заўважаць дзіўныя паводзіны.

Сёння Віленскі акруговы суд асудзіў Данелюса на 9 гадоў турмы. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён з 2022 года збіраў інфармацыю для беларускіх спецслужбаў і перадаваў звесткі прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай.

Суд цягнуўся год, і праз тое, што быў закрыты, Н. не магла апісаць свае перажыванні нават у сацсетках. Немагчымасць нават проста пагаварыць пра сітуацыю стала сапраўдным выпрабаваннем, кажа жанчына. Яна расказала Еўрарадыё, як пазнаёмілася з юрыстам і як яе асабістыя звесткі трапілі ў праграму прапагандыстаў.

 

Знаёмства з “юрыстам”

У матэрыялах справы гаворыцца, што Лебедзева інструктавала Данелюса наконт таго, якую інфармацыю збіраць. Яе цікавілі беларускія арганізацыі ў Літве, людзі, якія збеглі з Беларусі ад пераследу.

А яшчэ тыя, хто дапамагаў уцякаць, шляхі эвакуацыі, вучэнні добраахвотнікаў палка Каліноўскага, іх узбраенне і ланцужкі паставак. Данелюс прапаноўваў беларускім арганізацыям юрыдычную дапамогу і змог увайсці да іх у давер. Аднак з часам яго пытанні пачалі выклікаць падазрэнні.

Ксения Лебедева / mostmedia.io

"З Ксеніяй Лебедзевай мы пазнаёміліся ў Паланзе задоўга да пандэміі. Яна здымала там відэа пра рэгулярныя рэйсы "Белавіі". Я свабодна размаўляю па-руску, таму дапамагаў ёй выконваць абавязкі журналіста. Ксенія прыняла іслам, у мяне таксама шмат сяброў-мусульман, яшчэ мы аднаго знака задыяку, розніца ў гадах невялікая. Гэта больш падобна да сімпатыі мужчыны да жанчыны, чым да супрацы", — казаў юрыст.

Ён не бачыў праблемы ў такой супрацы, бо лічыў, што Літва і Беларусь не знаходзяцца ў варожых стасунках.

“Вядома, для мяне гэта быў шок. Ён перадаваў Лебедзевай мае асабістыя звесткі, — кажа Н. — Яна ў адной з перадач згадвала маё імя, маўляў, мы яшчэ “нешта інцярэснае пакажам”. Але пакуль нічога “інцярэснага” не паказалі”.

Спачатку Данелюса вызвалілі з-пад арышту да суда.

“Калі суддзя яго адпусціла, ён пачаў пагражаць мне судовым пераследам у Беларусі, — расказвае Н. — І мне было сапраўды страшна, бо ён мяне пераследаваў амаль год. І пісаў заявы на мяне. Пісаў, што я кепская маці, хоць ён ніводнага разу не быў у маім доме і не ведае маіх дзяцей. Мне было сапраўды непрыемна”.

Юрыста ўсё ж узялі пад варту ў верасні 2022 года падчас спробы збегчы ў Беларусь. Тады яго прызналі вінаватым не толькі ў шпіянажы, але і ў спробах уплываць на сведак.

 

Прыйдзе Пуцін

Перад паседжаннем суда літоўскі юрыст Данелюс сказаў, што прыйдзе Пуцін і расстраляе ўсіх сведак, якія праходзяць па справе, кажа Н. Але ў сваім апошнім слове ён назваў сябе патрыётам, дадае яна. Дык прызнаў ён віну ці не?

У апошнім слове літовец папрасіў суд апраўдаць яго. Заявы некаторых сведак ён назваў ілжывымі. Данелюс таксама заявіў, што не пагражаў сведцы, а выказаў незадаволенасць пазіцыяй беларускіх актывістаў.

“Незразумелы чалавек. То Пуцін, то патрыёт. Апошняя яго прамова была мне незразумелая. Ён прызнаў [віну. — Еўрарадыё], але не прызнаў. І будзе апеляваць, што пакаранне занадта вялікае. Маё ўражанне: ён быў упэўнены, што яму нічога не будзе. І таму я вельмі задаволеная. Я сёння сапраўды адчуваю сябе добра, але ўвесь гэты год каштаваў мне вельмі дорага”, — кажа Н.

Пракурор патрабаваў асудзіць юрыста на 11 гадоў пазбаўлення волі. У вынтку літоўца асудзілі да 9 год пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі