Сузаснавальнік ZROBIM architects расказаў пра ўмовы, на якіх яго выпусцілі з СІЗА

07/08/2026 - 10:00

Андрэй Макоўскі / фота з яго сацсетак

Сузаснавальнік кампаніі ZROBIM architects Андрэй Макоўскі (Андрусь Bezdar) расказаў пра ўмовы, на якіх яго выпусцілі з СІЗА. Паводле яго, фірма прызнала віну і кампенсавала шкоду.

"Мы раскаяліся. Я б вельмі параіў усім, хто хоча ўхіліцца ад выплаты падаткаў, нешта не даплаціць, у моманце зарабіць болей... Паверце, гэта не перакрывае рызыкі і праблемы, якія ў вас могуць узнікнуць", — дзеліцца ён у сацсетках сваім "досведам".

Макоўскі правёў за кратамі блізу чатырох месяцаў. Тым не менш ён кажа, што ZROBIM у яго адсутнасць змагла аптымізавацца і актыўна працавала.

Архітэктар не збіраецца пакідаць Беларусь: "Я зрабіў выбар ужо даўно. Тут ёсць магчымасці для рэалізацыі патэнцыялу — і майго, і нашай кампаніі. Я люблю гэтую краіну і хачу расці і развівацца тут".

Як паведамлялася раней, архітэктурную кампанію ZROBIM architects вінавацілі ў выплаце заробкаў "у канвертах" і недаплаце падаткаў. Сілавікі прыйшлі ў яе пасля таго, як яе кіраўнік абурыўся патрабаваннем увесці ў склад прыватнай фірмы штатнага ідэолага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі