Артём Шрайбман тлумачыць, чаму нельга называць "хейтам" крытыку Калеснікавай / LookByMedia
У свежым выпуску праграмы "Часікі цікаюць" палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман разабраў пазіцыю беларусаў, якія крытыкуюць некаторыя выказванні Марыі Калеснікавай. Ён не лічыць гэта "хейтам" у адрас былой палітзняволенай і тлумачыць, чаму некаторыя яе выказванні выклікалі бурную дыскусію.
— Калі вы кажаце "хейт", я б усё ж не абагульняў. Бо ёсць шмат канцэптуальнай крытыкі. Яны прыйшлі ў дваццаць шосты год з ідэяй дваццатага года: што мы неверагодныя, мы коцікі, мы аб’яднаем краіну. Краіна ў нас таксама складаецца з коцікаў, і трэба сябраваць з усімі. Ёсць, вядома, пару дрэнных людзей, але насамрэч мы іх выратуем сілай любові і дабра. Мы ўсім спачуваем. Вось гэты "кот Леапольд".
І я разумею, што гэтая павестка падкупляе ў мірныя часы. І яна сапраўды вельмі моцна рэзаніравала з меркаваннем большасці беларусаў. Але крытыка цяпер шмат у чым складаецца не з хейту, а з таго, што людзі за гэтыя пяць-шэсць гадоў — тыя, якія былі на волі — прайшлі разам з гэтым светам вельмі сур’ёзную эвалюцыю. А здаецца, што яны яе не прайшлі ва ўсіх сваіх інтэрв’ю.
І таму гэта не зусім хейт. Гэта сутыкненне светаў, сутыкненне досведаў, сутыкненне абсалютна розных траўмаў. Гэта не пра тое, што прыйшла Маша і на яе ўсе накінуліся, — лічыць Шрайбман.
Палітычны аглядальнік прапануе праявіць эмпатыю да ўсіх беларусаў, якія праходзяць праз найскладанейшае выпрабаванне ў сваім жыцці.
— Хлопцы, я разумею, мы можам уключыць максімум эмпатыі да гэтых [Марыі Калеснікавай і Віктара Бабарыкі, — Еўрарадыё] людзей. Так, безумоўна, яны прайшлі праз жудаснае, і мы павінны гэта рабіць. Але я таксама заклікаю гэтую эмпатыю распаўсюджваць і на тых, хто іх з эмацыйнай пазіцыі крытыкуе.
А гэта людзі, якія настолькі моцна траўмаваныя рэпрэсіямі — у якіх, напрыклад, катавалі сваякоў або іх саміх, якія адпакутавалі гэтыя гады па-свойму, магчыма, у эміграцыі. І цяпер прыходзяць людзі, якіх яны лічылі сваімі маральнымі арыенцірамі ў дваццатым годзе, за якіх нехта з іх выходзіў.
І ў іх у выступленнях гучаць ідэі пра нармалізацыю, пра ўсёпрабачальныя абдымкі: "мір, дружба, жвачка".
Многія хочуць, каб іх эмацыйная патрэба ў справядлівасці, у аднаўленні справядлівасці і ў адказнасці таксама была задаволеная, у тым ліку ў прамовах лідараў. Каб не "перагарнулі старонку".
Але калі ты раптам бачыш людзей, у якіх ты закахаўся ў дваццатым годзе, і ў іх паміж радкоў пачынае гучаць нешта ў бок "перагарнуць старонку", — гэта выклікае рэакцыю, — тлумачыць Шрайбман.
Ён нагадвае, што былыя палітзняволеныя выйшлі да аўдыторыі, якая таксама вельмі траўмаваная.
— Я паліттэхналагічна магу растлумачыць у дзесяці пунктах, чаму гэта можа быць правільны падыход: з пункту гледжання аўдыторыі ўнутры краіны, з пункту гледжання перспектыў прымірэння, трансфармацыі і дэмакратызацыі Беларусі. Што ястрабіная пазіцыя таксама не заўсёды добрая, што радыкалізм нікога да дабра не даводзіў — усё гэта зразумела.
Але сёння яны выйшлі не да аўдыторыі дваццатага года. Сёння яны выйшлі да аўдыторыі, якая таксама вельмі моцна траўмаваная. І з траўмамі гэтых людзей гэтыя спікеры не працуюць. Яны спрабуюць дацягнуцца кудысьці далей, — лічыць Арцём Шрайбман.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут