Супрацьстаянне ў Марыупалі і ўкраінцы вяртаюцца — 54-я раніца вайны

18/04/2022 - 07:46
"Папасная — суцэльная руіна", кажа кіраўнік Луганскай вобласці Сяргей Гайдай і заклікае людзей эвакуявацца / luhanskaVTSA

Супрацьстаянне ў Марыупалі працягваецца. Расійскае Мінабароны апублікавала раніцай у панядзелак відэа, знятае з дрона на тэрыторыі завода "Азоўсталь", дзе застаюцца ўкраінскія вайскоўцы. Па словах расійскага боку, тэрыторыя завода акружаная і цалкам заблакаваная. Украінскім вайскоўцам па-ранейшаму прапануюць здацца.

Напярэдадні днём скончыўся тэрмін ультыматуму, які раней паставіла Мінабароны Расіі. Але ўкраінскія вайскоўцы адмовіліся здавацца. "Марыупаль не паў", абаронцы горада "будуць стаяць да канца", казаў напярэдадні прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль. "Але відавочна, што там маштабная гуманітарная катастрофа", падкрэсліў ён і звярнуўся да партнёраў з просьбай "дапамагчы спыніць разрастанне гэтай гуманітарнай катастрофы".

Паводле звестак украінскага Генштаба, расійскія войскі "завяршаюць стварэнне наступальнай групоўкі на ўсходзе і не спыняюць наносіць ракетна-бомбавыя ўдары па аб'ектах крытычнай інфраструктуры Украіны".

У Данецкай і Луганскай абласцях за суткі ўкраінскія вайскоўцы адбілі 12 нападаў, кажуць у Генштабе. З-за ракетных абстрэлаў толькі ў горадзе Крэменная (Луганская вобласць) гарэлі сем жылых дамоў, а таксама нядаўна пабудаваны спарткомплекс "Алімп". Плошча ўзгарання склала 2 400 метраў квадратных. А ў Лісічанску абстралялі будынак паліцыі, шасцёра супрацоўнікаў параненыя.

Кіраўнік Луганскай вобласці Сяргей Гайдай па-ранейшаму заклікае жыхароў рэгіёну, пакуль ёсць магчымасць, эвакуявацца. Кажа, што наступны тыдзень можа быць цяжкім і апошнім, калі ўлады змогуць эвакуіраваць людзей.

Раніцай чатыры ракетныя ўдары былі нанесеныя па Львоўскай вобласці, паведаміў кіраўнік рэгіёну Максім Казіцкі. Аб пяці прыцэльных ракетных ударах па Львове піша мэр горада Андрэй Садовы. Адпаведныя службы, па яго словах, ужо выехалі на месца.

Паветраныя трывогі гучалі гэтай раніцай у большасці рэгіёнаў Украіны.

Карта паветраных трывог на 6: 45 18 красавіка / alerts.in.ua

Аб прымусовай эвакуацыі ўкраінцаў у Расію зноў казаў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Паводле яго слоў, расіяне сілай вывезлі на тэрыторыю сваёй краіны некалькі тысяч дзяцей.

"Мы пра гэта ведаем, але што з імі адбылося, як іх здароўе, дзе яны знаходзяцца — пакуль што стоадсоткавай інфармацыі пра гэта няма", — сказаў Зяленскі ў інтэрв'ю CNN.

Тым часам у офісе ўкраінскага прэзідэнта кажуць, што без нафтавага эмбарга няма сэнсу прымаць шосты пакет антырасійскіх санкцый ЕС. "Без гэтай санкцыі, відавочна, не варта прымаць такі пакет",прыводзіць словы намесніка старшыні офіса Ігара Жоўквы "Громадське". Акрамя нафтавага эмбарга, на думку Жоўквы, шосты пакет павінен адключыць расійскія банкі ад SWIFT і ўвесці персанальныя санкцыі супраць расійскіх палітыкаў.

У палку скептыкаў дамоваздольнасці Уладзіміра Пуціна прыбыло. Прэм'ер-міністр Італіі Марыё Драгі заявіў, што ўжо не думае, што ёсць сэнс гаварыць з Пуціным аб спыненні вайны.

"Я пачынаю думаць, што маюць рацыю тыя, хто кажа: вам бескарысна з імі размаўляць, вы толькі час губляеце", — цытуе Драгі Corriere della Sera.

Кіраўнік італьянскага ўрада сказаў, што заўсёды абараняў французскага прэзідэнта Эманюэля Макрона і працягвае лічыць, што той мае права выкарыстоўваць усе магчымыя шляхі дыялогу, "але ў мяне складваецца ўражанне, што жах вайны з яе бойнямі, зусім не залежыць ад слоў і тэлефонных званкоў", адзначыў італьянскі прэм'ер-міністр.

Чарнігаў пасля сыходу расійскіх войскаў

Галоўная каманда прафесійнага футбольнага клуба "Прыкарпацце" з Івана-Франкоўска амаль поўным складам ідзе ваяваць, гульцы вырашылі далучыцца да ўзброеных сіл. Вайскоўцамі сталі 14 футбалістаў і трэнеры, піша "Громадське".

Тым часам польскія памежнікі заўважылі, што ўпершыню з пачатку вайны ва Украіну прыехала больш людзей, чым выехала. У суботу, 16 красавіка, у краіну вярнуліся 22 тысячы ўкраінцаў, а пакінулі — 19 200. Людзі вяртаюцца, у асноўным, каб убачыцца з сем'ямі, альбо едуць дадому, нягледзячы на пагрозу ракетных удараў, піша УНІАН.

To see this content visit the full version of this page.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі