Стрыжак: справаздача фонду салідарнасці будзе, але няпоўная — бяспека перадусім

20/05/2022 - 12:47
Украінскія вайскоўцы, якім фонд дапамог з транспартам / тэлеграм-канал Стрыжака

Справаздача аб дапамозе беларускага дабрачыннага фонду будзе, але толькі па ўкраінскім кірунку. Раскрываць звесткі пра дапамогу беларусам небяспечна. Пра гэта расказаў заснавальнік фонду Андрэй Стрыжак у эфіры Еўрарадыё.

— Мы прыйшлі да высновы, што трэба трымаць баланс паміж бяспекай, у першую чаргу атрымальнікаў нашай дапамогі, якія знаходзяцца ў Беларусі, і празрыстасцю.

На жаль, гэта заўсёды мае рэпутацыйныя страты. І калі ты нешта не паказваеш на 100 адсоткаў, то гэта ў часткі людзей можа выклікаць пытанні, хэйт і ўсё астатняе. Мы свядома ідзём на гэта, таму што разумеем, што на коне бяспека канкрэтных людзей, якія даверыліся нам і атрымалі дапамогу. Улічваючы наш экстрэмісцкі статус, гэта значыць, што, калі ты атрымаў грошы, ты фактычна сам экстрэміст, таму што ты экстрэмісцкія грошы атрымаў. Значыць, на экстрэмісцкую дзейнасць — такая логіка ў беларускіх уладаў, — кажа Стрыжак.

Ёсць частка расходаў фонду, па якіх можна даваць справаздачу. Гэта дапамога Украіне. І хутка такая справаздача будзе, абяцае Андрэй Стрыжак.

— Тут можна абсалютна спакойна ўсё паказаць. Таму ў нас ёсць план зрабіць абсалютна празрыстую і поўную справаздачу па ўкраінскіх зборах. Вядома, мы не будзем пазначаць людзей, якія данацілі на гэта, таму што гэта зноў экстрэмісцкая дзейнасць.

І таксама пытанне да празрыстасці. А хто ж вам грошы дае? Можа, гэта нейкія беларускія алігархі, якія хочуць вытаргаваць сабе месца ў новай Беларусі? Вядома, могуць быць і такія папрокі, але ўсё, што мы перадаём, усё, што будзе атрымана нашымі бенефіцыярамі на ўкраінскім кірунку, мы гэта пакажам.

Што да беларускага кірунку, пакуль мы не можам гэта паказаць, таму што гэта бяспека людзей. Гэты падыход будзе і далей. Зразумела, што хэйт будзе і далей. Тут мы нічога не можам зрабіць, таму што бяспека перадусім, — робіць выснову Стрыжак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі