14 лістапада супрацоўнікі крымінальнага вышуку Заводскага РУУС Мінска затрымалі мужчыну, якога падазраюць у "ілжэмініраванні" станцыі метро "Магілёўская". Пра гэта паведамляе прэс-служба сталічнай міліцыі.
Нагадаем, што здарэнне адбылося зранку 13 лістапада. Малады чалавек затэлефанаваў на нумар 101 і паведаміў, быццам станцыя метро замініраваная. У выніку быў спынены рух цягнікоў, эвакуяваныя людзі. Аднак выбуховага прыстасавання спецыялісты не выявілі.
Пра здарэнне шырока паведамілі СМІ і распаўсюдзілі партрэт падазраванага з камераў відэаназірання. Дзякуючы гэтаму праваахоўнікі ўжо 14 лістапада затрымалі маладога чалавека. Паведамляецца, што гэта 21-гадовы жыхар Мінскага раёна, ляснік адной са сталічных арганізацый. Пра яго месцазнаходжанне міліцыянтам паведамілі яго знаёмыя.
Па звестках міліцыянтаў, хлопец тэлефанаваў з тэлефона-аўтамата ў падземным пераходзе станцыі "Магілёўская". Пры гэтым ён быў нецвярозы.
Цяпер на яго пачалі крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленне пра небяспеку.