Беларусь пагадзілася атрымаць кампенсацыю за "брудную нафту" на ўмовах, прапанаваных Расіяй. Гэта 15 долараў за барэль. Краіны падпісалі пратакол аб кампенсацыі.
"Расійскі бок гатовы кампенсаваць", — цытуе словы намесніка старшыні "Белнафтахіма" Уладзіміра Сізова БЕЛТА. Ён кажа, што беларускі бок атрымае ад Расеі кампенсацыю за брудную нафту, параўнальную з той, якую атрымалі іншыя краіны — Польшча, Чэхія, Славакія, Венгрыя, — 15 долараў за барэль.
Раней той жа Сізоў называў неправамоцным рашэнне "Транснафты" аб тым, што максімальны памер кампенсацыі за "брудную нафту" ў трубаправодзе "Дружбе" складзе $15 за барэль. "Па агульным юрыдычным правіле, абавязаная асоба не можа ў аднабаковым парадку вызначаць межы сваёй адказнасці перад тымі, каму яна абавязана", — казаў ён.
Таксама Уладзімір Сізоў заявіў, што ў цяперашні час ідзе праца па пацвярджэнню кампенсацыйных выплат, якія атрымае Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Яго абсталяванне пацярпела ў красавіку 2019-га, калі ў нафтаправод "Дружба" трапіла няякасная нафту з Расіі. Тады беларускія НПЗ былі вымушаныя знізіць загрузку магутнасцяў і панеслі страты.
Летась расійскі бок заяўляў пра планы адпампаваць з трубаправода з Беларусі 1 млн тон нафты. Калі гэтая лічба адпавядае сапраўднасці, то наша краіна можа атрымаць не менш за 110 млн долараў. Па іншай версіі — больш за 61 млн долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.