Стала вядома, дзе пройдзе чэмпіянат свету па хакеі 2021 года, які перанеслі з Беларусі "з-за пытанняў бяспекі". Сусветнае першынство прыме Латвія. Такое рашэнне 2 лютага прыняў савет Міжнароднай федэрацыі хакея.
ЧС павінны былі праводзіць сумесна Беларусь і Латвія. Аднак Рыга заявіла, што не зможа гэта зрабіць з-за масавых парушэнняў правоў чалавека ў нашай краіне. Узнялася магутная хваля за перанос першынства з Беларусі, і Міжнародная федэрацыя хакея здалася. Былі варыянты з правядзеннем ЧС у Славакіі ці ў Даніі, альбо адначасова ў двух краінах, аднак выбралі Латвію.
"Улічваючы нявызначанасць у дачыненні да абмежаванняў на міжнародныя перамяшчэнні, савет IIHF палічыў, што арганізацыя ўсяго турніру ў Рызе дазволіць пазбегнуць пераездаў паміж краінамі і стане найбольш бяспечным і эканамічным спосабам правядзення мерапрыемства", — гаворыцца ў заяве.
Чэмпіянат свету пройдзе з 21 траўня да 6 чэрвеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.