Справа аб смерці салдата ў Пячах: 5 чалавек адхіленыя ад працы, 4 — звольненыя

15/10/2017 - 09:40

Пяць службовых асобаў з вайсковай часткі, дзе загінуў салдат Аляксандр Коржыч, адхіленыя ад працы, яшчэ чатыры чалавекі звольненыя. Такую інфармацыю ў эфіры тэлеканала АНТ агучыў начальнік упраўлення інфармацыі Міністэрства абароны Уладзімір Макараў.

“Загадам міністра абароны Беларусі за непрыняцце вычарпальных мер па падтрыманні статутнага парадку адхіленыя ад пасадаў пяць службовых асобаў 72-га Аб’яднанага навучанага цэнтру, уключна з камандзірам вайсковай часткі, дзе праходзіў службу вайсковец. Чацвёра вайскоўцаў службовых асобаў звольненыя з шэрагаў Узброеных сіл”, — заявіў Уладзімір Макараў.

Ён таксама нагадаў, што Следчы камітэт і пракуратура працягваюць праверку па факце гібелі вайскоўца. Адначасова ваенным ведамствам правяраецца паўната выканання сваіх абавязкаў службовымі асобамі, якія павінны сачыць за парадкам у вайсковай частцы.

Тым часам у інтэрнэце працягваецца збор подпісаў за адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова. Пасля блакіроўкі сайта Zvarot.by, дзе было сабрана каля 11 тысяч подпісаў, кампанія па зборы подпісаў перамясцілася на сайт petitions.by. Меней чым за суткі сабралі 1391 подпіс з патрэбных 2000.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі