Сотні тысяч жыхароў Мінска вызвалілі ад аплаты за халодную ваду за чэрвень

02/07/2020 - 08:09

Сотні тысяч жыхароў Мінска вызвалілі ад аплаты за халодную ваду за чэрвень ("ад аплаты паслуг водазабеспячэння і водаадвядзення"). Маюцца на ўвазе тыя мінчукі, якія нядаўна мелі праблемы з-за няякаснай вады. Такое рашэнне 2 ліпеня прыняў Мінгарвыканкам. Як паведамляе тэлеграм-канал "Мінск. Афіцыйна", прадпрыемства "Мінскводаканал" "на працягу 3 працоўных дзён" падрыхтуе і накіруе ў разлікова-даведкавыя цэнтры спісы адрасоў, па якіх аплата налічвацца не будзе. Як вядома, гэта Фрунзенскі і Маскоўскі раён сталіцы, а таксама шэраг дамоў у некаторых іншых раёнах.

Атрымліваецца, што падагрэў вады давядзецца аплаціць.

Вада з непрыемным пахам у частцы сталіцы з'явілася раніцай 24 чэрвеня. Толькі на наступны дзень улады аб'явілі, што яе нельга піць. На вуліцах на працягу некалькіх дзён стаялі аўтацыстэрны з вадой, а каля іх — чэргі. Мінчукоў прасілі зліваць ваду з кранаў і абяцалі, што плаціць за яе не давядзецца. Забарона на выкарыстанне вады у Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах была знята 27 чэрвеня. Следчыя высвятляюць абставіны з'яўлення няякаснай вады, распачатая крымінальная справа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі