Смяротнасць вырасла ў 2 разы, інфекцыі — у 10: якую статыстыку хаваюць улады

11/01/2023 - 13:30
Улады спрабуюць прыхаваць ад беларусаў нацыянальную трагедыю / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

У 2021 годзе беларусы паміралі часцей, чым у пік кавіду ў 2020 годзе. Улады спрабуюць прыхаваць дэмаграфічную катастрофу, таму так і не адкрылі статыстыку па смяротнасці на Белстаце.

Еўрарадыё даведалася, што ў некаторых населеных пунктах смяротнасць за апошнія некалькі гадоў павялічылася ў разы. Нараджальнасць пры гэтым зніжаецца. Таму многія населеныя пункты сутыкаюцца з дэпапуляцыяй — па сутнасці з паступовым выміраннем. Пра гэта самі мясцовыя ўлады паведамляюць у “Профілях здароўя” гарадоў. Яны павінны весці такія профілі ў рамках міжнароднага праекта СААЗ “Здаровыя гарады”. Некаторыя з дакладаў працягваюць публікавацца нават пасля таго, як Белстат схаваў звесткі. Праўда, захоўваюцца яны як найдалей ад галоўных старонак выканкамаў.

Расказваем, ад чаго часцей за ўсё паміраюць беларусы і які па праўдзе дэмаграфічны крызіс.
 

Лічбы пераўзыходзяць дакавідавыя ўдвая

У Брэсцкай вобласці даступныя дадзеныя па Драгічыне. Там каэфіцыент смяротнасці працаздольных людзей у 2021 годзе аказаўся больш чым у два разы вышэйшы за ўзровень 2019 года. Паводле Белстату, каб палічыць каэфіцыент смяротнасці, колькасць памерлых дзеліцца на сярэднегадавую колькасць насельніцтва ў канкрэтным месцы. Затым гэтая лічба памнажаецца на тысячу. Так атрымліваецца каэфіцыент, які выражаецца ў праміле. Чым ён вышэйшы, тым горш справы са смяротнасцю.

Такім чынам, у Драгічыне ў 2019 годзе ён склаў 3,3 праміле. У 2020 годзе — 4,5. У 2021 — 7.

Каэфіцыент нараджальнасці на 1000 чалавек пры гэтым зменшыўся з 12,7 у 2019 годзе да 10,2 у 2021 годзе.

Часта публікавалі дадзеныя чыноўнікі Віцебскай вобласці. Згодна з імі, у Бешанковічах смяротнасць і да кавіда была высокай.

У 2019 годзе агульны каэфіцыент смяротнасці, гэта значыць не толькі па людзях працаздольнага ўзросту, склаў 21,79 праміле. Часам у справаздачах адзначаецца і канкрэтны лік памерлых. У Бешанковічах у 2019 годзе гэта 331 чалавек. У 2020 годзе каэфіцыент смяротнасці дасягнуў 23,53 праміле (памерла 328 чалавек). У 2021 годзе — 29,98 (392 чалавекі).

Мяркуючы па прааналізаваных справаздачах, беларусы па ўсёй краіне часцей за ўсё паміраюць ад хвароб сістэмы кровазвароту. Другое месца звычайна займаюць новаўтварэнні.

Асноўныя прычыны смяротнасці насельніцтва Бешанковіцкага раёна за 2015-2020 гады / "Профіль здароўя" Бешанковічаў

У Мёрах таксама хутка расце смяротнасць. Яе каэфіцыент у 2019 годзе — 12 праміле (95 чалавек). У 2020 годзе — 15,2 (120 чалавек). У 2021 годзе — 21,8 (171 чалавек).

Улады Лепеля прыводзяць каэфіцыент агульнай смяротнасці толькі за 2021 год.

— Паказчык смяротнасці ў 2021 годзе павялічыўся на 14,2 адсотка і склаў 18,12 на 1000 насельніцтва, што з'яўляецца самым высокім паказчыкаў за апошнія чатыры гады, — гаворыцца ў справаздачы.
 

Захворванне на інфекцыі вырасла ў 5-10 разоў

Пастаўскі райвыканкам паведамляе, што сярэдні прырост смяротнасці ў Паставах за апошнія пяць гадоў складае 15,3%, але каэфіцыент не называе.

Жыхары Паставаў часцей за ўсё сутыкаюцца з хваробамі сістэмы кровазвароту, злаякаснымі новаўтварэннямі і хваробамі органаў дыхання. За 2020 і 2021 год чыноўнікі не змаглі палічыць дакладны тэмп росту інфекцыйных і паразітарных хвароб, бо павелічэнне было ў 5-10 разоў.

Аналіз захворванняў у Паставах, Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці / "Профіль здароўя" Паставаў

У Расонскім раёне ў 2021 годзе каэфіцыент смяротнасці дасягнуў 24,6. Гэта на 18,7% больш, чым у 2019 годзе.

Нараджальнасць і смяротнасць у Расонскім раёне / "Профіль здароўя" Расонаў

— У структуры прычын агульнай смяротнасці па Расонскім раёне першае месца належыць захворванням, якія адносяцца да класа хвароб сістэмы кровазвароту (52,9%). Прычына "новаўтварэнні" займае другое месца (15,4%). На трэцім месцы — прычына "старасць" (12,2%). На чацвёртым месцы ў структуры агульнай смяротнасці — хваробы нервовай сістэмы (6,3%), — адзначана ў "Профілі здароўя".

У гарадскім пасёлку Шаркаўшчына каэфіцыент смяротнасці ў 2021 годзе быў 20,1. Гэта на 199% вышэй паказчыка смяротнасці ў 2015 годзе. Пры гэтым нараджальнасць у Шаркаўшчыне скарацілася больш чым удвая:

Дэмаграфічныя дадзеныя па Шаркаўшчыне / "Профіль здароўя" Шаркаўшчыны

У Гомельскай вобласці поўныя дадзеныя ёсць па Добрушу. Каэфіцыент агульнай смяротнасці там вырас амаль напалову ў параўнанні з дакавідавым годам.

У 2019 годзе ён склаў 14,3 праміле (памёр 261 чалавек). У 2020 годзе — 16,7 (памерла 302 чалавекі). У 2021 годзе — 22,4 (памерла 405 чалавек).

Паміраюць тут таксама часцей за ўсё ад хвароб кровазвароту — 61,9% у 2021 годзе. Другое месца — новаўтварэнні (11,3%). І толькі потым старасць (10,1%).

Значна вырасла смяротнасць у Мінскай вобласці. У Барысаўскім раёне каэфіцыент смяротнасці ў 2019 годзе быў 8,92. У 2020 годзе — 16,11. У 2021 годзе — 19,66.

Нараджальнасць пры гэтым зніжаецца:

Дэмаграфічныя дадзеныя па Барысаўскім раёне / "Профіль здароўя" Барысаўскага раёна

У самім горадзе Барысаў у 2019 годзе ўзровень смяротнасці апынуўся 11,5 праміле. У 2020 годзе — 14,66. У 2021 годзе — 18,16.

У Стоўбцах у 2019 годзе каэфіцыент смяротнасці склаў 8,9. У 2020 годзе ён падняўся да 10,9. У 2021 годзе ён быў ужо 14.

У Мар'інай Горцы ў 2019 годзе ўлады расказалі пра паказчык смяротнасці ў 13,9 праміле. У 2020 годзе — 18,5. У 2021 годзе — 18,3.

У гарадскім пасёлку Свіслач тая ж тэндэнцыя — у 2021 годзе смяротнасць яшчэ вышэйшая, чым у кавідны год. У 2019 годзе яна склала 9 праміле. У 2020 годзе — 12,8. А ў 2021 годзе — 18,1.

У Пухавіцкім раёне паказчык быў высокім яшчэ ў 2019 годзе — 15,7 праміле. У 2020 годзе ён дасягнуў 16,9. А ў 2021 годзе — 19,5.

Пры гэтым нараджальнасць у Мар'інай Горцы, Свіслачы і па ўсім Пухавіцкім раёне альбо зніжаецца, альбо нестабільная:

Дэмаграфічныя паказчыкі па Мар'інай Горцы, Свіслачы і Пухавіцкім раёне / pukhovichi.gov.by

Беларусы фактычна выміраюць — чыноўнікі пішуць пра дэпапуляцыю

Некаторыя выканкамы перасталі публікаваць дадзеныя разам з Белстатам. Або выдавалі профілі здароўя, але ўдакладнялі, што афіцыйных звестак аб смяротнасці за апошнія гады няма. Аднак па старых профілях здароўя відаць, што смяротнасць расла і ў іншых населеных пунктах Беларусі.

Напрыклад, у Гарадоцкім раёне агульная смяротнасць у 2019 годзе была 21 праміле, а ў 2020 — 22,3.

У Докшыцах у 2019 годзе — 20,7, а ў 2020 годзе ўжо 26.

У Вушачах ў 2019 годзе — 24 (311 памерлых). А ў 2020 годзе — 25,4 (326 памерлых).

У гэтых населеных пунктах таксама паміраюць часцей ад праблем з сістэмай кровазвароту або ад новаўтварэнняў. З 2018 года ў Докшыцах лінія “старасць” зусім знікла з графіка асноўных прычын смяротнасці.

Прычыны смяротнасці ў Докшыцах / "Профіль здароўя" горада

У Петрыкаўскім раёне ўлады даюць справаздачу аб зніжанай смяротнасці, калі глядзець на каэфіцыент, але колькасць памерлых там павялічвалася. У 2019 годзе каэфіцыент смяротнасці па раёне склаў 25,4 (659 памерлых). У 2020 годзе каэфіцыент — 21,2, а памерлых — 692.

У "Профілі здароўя" Лоева дадзеныя толькі па колькасці памерлых і за няпоўныя гады. За першае паўгоддзе 2021 года там памерла 52 чалавекі, а за шэсць месяцаў 2022 года — 106 чалавек.

У Клімавічах таксама расце колькасць смерцяў. У 2019 годзе паказчык смяротнасці быў 17,8 (429 памерлых). У 2020 годзе — 18,5 (441 памерлых).

Высокая смяротнасць і ў Смаргоні. Каэфіцыент у 2020 годзе склаў 17,4 праміле (880 памерлых). У 2021 года — 19,6 (988 памерлых).

У Алекшыцах, дзе ў пачатку 2020 года жыло ўсяго 1247 чалавек, смяротнасць адна з самых высокіх з тых, што ўдалося знайсці ў справаздачах мясцовых уладаў. У 2019 годзе каэфіцыент смяротнасці там склаў 21,8 (27 памерлых). У 2020 годзе — 28,1 (35 памерлых).

— З прычыны “старасць” памёр 1 чалавек, — гаворыцца ў справаздачы за 2020 год.
 
У Заслаўі каэфіцыент смяротнасці склаў 10,8 у 2019 годзе, а ў 2020 — 11,2.

У Жодзіне паказчык смяротнасці ў 2019 годзе — 9,57 праміле (619 памерлых). У 2020 годзе — 11,36 (737 памерлых).

— Індыкатарам дэмаграфічнай бяспекі з'яўляецца каэфіцыент дэпапуляцыі (колькасць памерлых у адносінах да ліку тых, хто нарадзіўся). Гранічна крытычнае значэнне яго не павінна перавышаць адзінку для таго, каб перакрывалася натуральнае змяншэнне насельніцтва. Аднак, з прычыны неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкі, звязанай з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі ў 2020 годзе, каэфіцыент дэпапуляцыі склаў 1,25 (у 2019 годзе – 0,88), — пішуць чыноўнікі ў “Профілі здароўя” Жодзіна.

Аб дэмаграфічным крызісе і дэпапуляцыі зазначалася таксама ў іншых справаздачах. Напрыклад, у Гарадоцкім раёне і Лепелі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі